Прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава хоча дабіцца зносу помніка Ларысе Геніюш у Зэльве, які ўсталяваны на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы. Яна ўжо атрымала згоду некалькіх чыноўнікаў, паведамляе Hrodna.life.
Бондарава лічыць, што помнік парушае Закон РБ «аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». На яе думку, ён прыносіць «невымоўныя пакуты ўсё яшчэ жывым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням нямецкіх канцлагераў». Таксама яна хоча, каб помнік знеслі «без прыцягнення непатрэбнай увагі грамадскасці».
Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш усталявалі ў 2003 годзе на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве. Устаноўку не ўзгаднілі з адміністрацыяй гораду, але тым не менш на адкрыцці адслужылі паніхіду, а сам помнік атрымаў благаславенне ад царквы.
Бондарава ўжо атрымала згоду на знос ад некалькіх чыноўнікаў. Знесці помнік пагадзіліся начальнік упраўлення па ідэалагічнай рабоце і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму Ігар Булаўка і намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкаму па ідэалагічнай рабоце Галіна Раманчук.
Але для зносу помніка трэба атрымаць яшчэ дазвол Праваслаўнай царквы, бо было ягонае благаславенне.
Ларыса Геніюш – беларуская паэтка родам з Гарадзеншчыны, была генеральным сакратаром Ураду БНР у эміграцыі. Пасля вайны была арыштаваная за «антысавецкую нацыяналістычную дзейнасць» і атрымала 25 гадоў лагераў, але адседзела толькі 8 гадоў. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства. Беларусы звярталіся ў пракуратуру па рэабілітацыю паэткі – у 1999 і ў 2017 гадах, але атрымлівалі адмовы.
Алена Рувіна belsat.eu