Стала вядома дата развітання з Эдуардам Лобавым у Кіеве: У суботу 4 лютага


Развітанне з Эдуардам Лобавым у Кіеве адбудзецца ў суботу 4 лютага. Аб гэтым «Белсату» стала вядома ад блізкіх загінулага ваяра.

Беларускі ваяр-добраахвотнік Эдуард Лобаў загінуў, змагаючыся з агрэсіяй Расеі супраць Украіны.
Фота: Bysol / bysol.org

Сталі вядомыя дата, час і месца развітання ў Кіеве з загінулым беларускім ваяром-добраахвонікам Эдуардам Лобавым, які загінуў, змагаючыся за свабоду і дэмакратыю ва Украіне.

Развітанне з Эдуардам адбудзецца ў суботу а 14 гадзіне ў Галоўнай катэдры ў Кіеве на вуліцы Касцёльная, дом 17. Пасля ўрачыстай цырымоніі цела загінулага перавязуць для пахавання ў Варшаву.

Нагадаем, што пра гібель Эдуарда Лобава стала вядома 27 студзеня. Ён быў смяротна паранены пад украінскім Вуглядарам, дзе ваяваў у складзе ЗСУ.

Лобаў бараніў Украіну са зброяй у руках з 2015 года. А да гэта быў актывістам «Маладога фронту», бараніў ад дыктатуры Беларусь. У 2010 годзе абвешчаны палітвязнем. Ён адмаўляўся пісаць прашэнне на памілаванне і цалкам адбыў 4-гадавы тэрмін у адной з найгоршых турмаў Беларусі – івацэвіцкай калоніі «Воўчыя норы». Эдуарду Лобаву было 34 гады.

Паведамлялася, што адной з першых на звесткі аб гібелі беларускага ваяра адрэагавала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, выказаўшы словы спачування родным і блізкім.

Навіна аб гібелі Лобава ўскалыхнула і іншых беларусаў замежжа. Праяўляючы салідарнасць з сям’ёй і выказваючы даніну памяці і павагі да героя, які аддаў жыццё, змагаючыся супраць расейскай агрэсіі ва Украіне, менш чым за суткі беларусы сабралі € 6000, неабходныя для перавозу цела ў Варшаву, дзе жыве сям’я ваяра, аплаты месца на могілках і на іншыя выдаткі, звязаныя з арганізацыяй пахавання.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў