Спавяшчальнік ПАРЕ: трэба знішчыць перашкоды для інтэграцыі беларусаў у Еўразвязе


Забяспечыць беларусам у выгнанні адпаведны ўзровень абароны, каб яны маглі прасцей інтэгравацца ў новае грамадства і пры гэтым захаваць нацыянальную ідэнтычнасць. Гэткую прапанову разгледзяць на найбліжэйшым паседжанні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Знішчыць юрыдычныя, адміністрацыйныя і практычныя перашкоды, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні, прапаноўвае спавяшчальнік Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Поль Галес. Маўляў, пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў ад 300 да 500 тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць радзіму. Гэтую міграцыйную плынь Галес называе найбуйнейшаю ў гісторыі Беларусі з часу Другой сусветнай.

«Насамрэч тут цэлы шэраг праблемаў, яны тычацца легалізацыі беларусаў, якія выехалі з Беларусі пасля выбараў 2020 года, а таксама пасля таго, як пачалося ўварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Другая праблема, якая становіцца досыць вострай ужо даўно, – гэта візавая тэматыка», – тлумачыць намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі.

Яшчэ адна важная праблема – замена пашпарта. У праекце рэзалюцыі ўтрымліваюцца канкрэтныя прапановы для развязання гэтых ды іншых праблемаў беларусаў у замежжы.

«Прызнаючы, што беларускі народ нельга атаясамліваць з рэжымам Лукашэнкі, Асамблея лічыць, што беларусы ў выгнанні не павінныя падлягаць дыскрымінацыі за ўдзел гэтага рэжыму ў вайне супраць Украіны», – лічыць адмысловы дакладчык ПАРЕ Поль Галес.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя-пратэст беларусаў пад лозунгам «Беларусы не расейцы» супраць дыскрымінацыі і прыраўноўванння беларусаў да расейцаў у літоўскім заканадаўстве. Падпісанне петыцыі і перадача яе ў амбасаду Літвы. Варшава, Польшча. 19 красавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

На паляпшэнне і спрашчэнне працэдураў для беларусаў працуе і Офіс Святланы Ціханоўскай:

«Для кожнай з гэтых праблемаў у нас ёсць розныя адказы, мы рыхтуем стварэнне працоўных груп пры МЗС Польшчы, нядаўна запрацавала такая група ў Літве. Мы працуем над праектам пашпарта новай Беларусі і зараз ужо выйшлі на новы этап – вырашылі тэхнічныя пытанні», – кажа намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі.

Найбольш адаптавана для пераезду беларусаў польскае і літоўскае заканадаўства, бо менавіта туды пераважна і едуць нашыя грамадзяне. Толькі летась Польшча прыняла каля 70 тысяч беларусаў, якія пакінулі радзіму з палітычных матываў. Агульны ж лік тых беларусаў, хто пераехаў у Польшчу, у разы большы.

«Адна з найважнейшых зменаў у заканадаўстве – гэта зʼяўленне так званых гуманітарных відаў на жыхарства, якія грамадзяне Беларусі могуць атрымаць на падставе гуманітарных візаў абсалютна бясплатна, то бок беларусы не плацяць за гэтую працэдуру і таксама пасля атрымання віду на жыхарства маюць доступ да рынку працы», – распавядае сябра ўправы Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская.

Сёння замест пашпарта ў Польшчы можна атрымаць так званы дакумент падружы, але толькі асобам, якія маюць гуманітарныя падставы. З 1 чэрвеня Польшча збіралася выдаваць яго бясплатна і без гуманітарных падставаў. Многія беларусы чакалі гэтай магчымасці, але, на жаль, закону не прынялі.

«Перадусім гэтая тэма абмяркоўвалася ў сувязі са зменаю беларускага заканадаўства, то бок з масавым пазбаўленнем беларусаў грамадзянства. У сувязі з гэтым міністэрства вырашыла ўсё ж узяць паўзу і паглядзець, як будзе развівацца сітуацыя на тэрыторыі Беларусі», – тлумачыць сябра ўправы Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская.

Усе 46 краін-сябраў Рады Еўропы мусяць мець больш-менш аднолькавы падыход у легалізацыі ды абароне правоў беларусаў, лічыць спавяшчальнік Поль Галес. Парламенцкая асамблея Рады Еўропы разгледзіць ягоныя прапановы ўжо 20-га чэрвеня.

Аліна Скрабунова, «Белсат»