Беларусы ў Польшчы, якія маюць ВНЖ, змогуць атрымаць мясцовы «падарожны дакумент» бясплатна


З чэрвеня беларусы, што жывуць у Польшчы, змогуць атрымліваць мясцовы «падарожны дакумент» для замежніка бясплатна і паводле спрошчанай працэдуры. Пра гэта заявіў віцэ-міністр унутраных спраў Польшчы Барташ Градэцкі, перадае агенцтва PAP.

Польскі праязны дакумент для замежнікаў.
Фота: Dziennik Ustaw Rzeczypospolitej Polskiej

Паводле слоў віцэ-міністра, ад 1 чэрвеня гэтага году грамадзяне Беларусі, якія жывуць у Польшчы і маюць від на жыхарства («часовы побыт» або «сталы побыт») змогуць бясплатна і паводле спрошчанай працэдуры атрымліваць «dokument podróży dla cudzoziemca». Таксама Барташ Градэцкі адзначыў, што рашэнне спрасціць для беларусаў выдачу «падарожнага дакументу» было вынікам сумеснай працы кіраўніка польскага МЗС Мар’юш Каміньскага і лідаркі дэмакратычных сілаў Беларусі Святланы Ціханоўскай.

«Міністр Мар’юш Камінскі пасля перамоваў з беларускай суполкай у Польшчы, а таксама са Святланай Ціханоўскай вырашыў, што гэты дакумент будзе выдадзены бясплатна. Такое рашэнне міністр прыняў, прымаючы да ўвагі асаблівае становішча беларускай абшчыны, а таксама частку той падтрымкі, якую мы аказваем дэмакратычнай Беларусі», – сказаў намеснік кіраўніка МУС.

Плата за выдачу такога дакументу цяпер складае 350 злотых (80 долараў).

Градэцкі растлумачыў, што новы парадак выдачы польскага «праязнога дакумента» – гэта вырашэнне сітуацыі тых людзей, у якіх, напрыклад, скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта. «Гэтыя людзі вядуць нармальны лад жыцця ў Польшчы, хочуць падарожнічаць, але ў іх могуць быць абгрунтаваныя апасенні з’явіцца ў дыпламатычнае і консульскае прадстаўніцтва сваёй краіны або вярнуцца ў Менск і атрымаць адпаведны дакумент» – падкрэсліў намеснік міністра.

Ён таксама звярнуў увагу, што некаторыя беларусы могуць нават не ведаць, якім будзе іх статус у краіне праз прыняты беларускім парламентам закон, які дазволіць пазбаўляць грамадзянства беларусаў, асуджаных за ўдзел у «экстрэмісцкай дзейнасці» або прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам дзяржавы і тых, хто знаходзіцца за мяжой. Адпаведная папраўка ў закон была падпісана Лукашэнкам і набудзе моц у чэрвені.

«Гэта паказвае, што рэжым не спыніцца ні перад чым. Ён здольны адабраць гэта фундаментальнае права, а менавіта грамадзянства, практычна ва ўсіх», – сказаў намеснік кіраўніка МУС.

Польскі праязны дакумент будзе сапраўдны на працягу года.

Усяго, паводле звестак агенцтва, толькі з пачатку 2022 года заявы на легалізацыю знаходжання ў Польшчы падалі 80 тысяч грамадзян Беларусі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў