Менчукі крытыкуюць менскія улады, якія ашчадзілі на вадасцёкавай сістэме падчас рэканструкцыі.
У выніку моцнага дажджу ў цэнтры Менску заліла вуліцу Рэвалюцыйную, якая пасля нядаўняй рэканструкцыі стала цалкам пешаходнай. Відэа з месца здарэння апублікаваў у «Тўітэры» Антон Матолька.
Менчукі ня раз крытыкавалі адсутнасць на Рэвалюцыйнай вадасцёкаў. Дырэктар «Менскай спадчыны» Аляксандр Кохан у размове з TUT.BY у адказ на закіды заявіў, што вадасцёкі не хавалі ў зямлю, бо «рэканструкцыю рабілі ў квартале, дзе ёсць офісы, крамы, кавярні і жылыя дамы».
«Любая будоўля стварае пэўныя нязручнасці. Наша першарадная задача – забяспечыць функцыянаванне дадзенай тэрыторыі. Бо гэта сеткі глыбокага залажэння, яны вялі за сабой шэраг праблемных пытанняў. У першую чаргу гэта звязана з тым, што нам не ўдалося б захаваць тыя зялёныя насаджэнні, якія тут засталіся», заяўляў Кохан.
Пасля сённяшняй залевы ў сацыяльных сетках можна пабачыць дзясяткі допісаў з кпінамі ў бок сталічных уладаў і рамонту за «паўтара мільёнаў долараў».
Паводле Кохана, каб зрабіць адвод пад зямлю вадасцёкавай сістэмы, сетку ліўневай каналізацыі трэба было б пракладаць на глыбіні ад 1,4 да 2,5 пад зямлёй, што б парушыла каранёвую сістэму дрэваў.
«Акрамя таго, сеткі ўсіх вадасцёкавых сістэмаў павінныя былі б зведзеныя ў нейкі калектар, які знаходзіцца пад вуліцай, каб арганізаваць цэнтралізаваны сцёк», – дадаў Кохан.
Будова такога калектару пацягнула б дадатковыя выдаткі і падоўжыла б час будовы. Магчыма, да ідэі ягонай будовы вернуцца пасля сённяшняй залевы, якая прывяла да таго, што на Рэвалюцыйнай з’явілася рака.
ДД