Пацярпелы з Акрэсціна: «Калі б мяне ў школе спыталі, што такое фашызм…»


Наш герой Мікалай перамог анкалогію. Але рак вярнуўся з-за беларускіх сілавікоў. Замест рэабілітацыі ён трапіў у беларускую турму. Яго закінулі туды сілавікі, схапіўшы на мірным пратэсце.

«Калі б мяне ў школе папрасілі ахарактарызаваць, што такое фашызм… Вось гэтыя дзеянні я б ахарактарызаваў менавіта так», – успамінае Мікалай.

У турме яму не надавалі ніякай медычнай дапамогі. Таму калі хлопец выйшаў, яму спатрэбілася паўторная аперацыя. Для яе ж не было ні магчымасцяў, ні сродкаў.

«Я проста не ведаў, што будзе заўтра. Я ўвесь час сыходзіў у глыбокую дэпрэсію, чытаючы навіны кожную раніцу», – кажа герой.

Наш канал дапамог знайсці неабходнага лекара, кансультанта – пераадолець праблемы Мікалаю дапамагла доктарка-беларуска. І вось неўзабаве яго чакае выратавальная аперацыя.

Аб пратэстах і фашызме

«Я заўсёды быў супраць Лукашэнкі. У мяне была праца. У мяне кватэра. У мяне дома коткі. Я хутчэй спяшаўся дадому накарміць котак… І, як усе нармальныя людзі, зарабіць на водпуск і паляцець у адпачынак.

Абставіны былі такія, што 9 жніўня я прагаласаваў на сваім выбарчым участку. А потым… Каля гатэлю «Планета», каля стэлы, раптам спыняецца аўтобус гэты… – і чалавек 40 урассыпную бягуць. У мяне не было жадання супраціўляцца. Хаця я валодаю ўсходнімі адзінаборствамі. Я проста падняў рукі і кажу: «Я не супраціўляюся. Нічога». Але ім гэта не перашкодзіла: мяне ўдарылі пад ногі. Тапкі паляцелі… І мяне ў шортах проста закінулі ў аўтазак.

Беларус беларусу
Пасля збіцця АМАПам жонка не можа хадзіць, а муж пакутуе на трэмар
2021.12.20 13:59

Абсалютна да кожнага было і фізічнае і псіхалагічнае ўздзеянне.

Мы з акна аўтазака бачылі, як страляюць у людзей. Як людзі ляжаць пластом на праезнай частцы.

У аўтазаку двойчы выкарыстоўвалі каманду «газы», было немагчыма дыхнуць – гэта было вельмі складана і эмацыйна.

Прывезлі на Акрэсціна. Акрэсціна… Там таксама, калі нас высаджвалі, мы ўсе праходзілі праз гэты калідор дубінак. Усе стаялі на каленях… Але гэта ўжо ведае, напэўна, кожны. Нас усіх загналі ў камеру… На колькі? На 12 ці 8 спальных месцаў… А нас там 50 чалавек. Гэта значыць, мы спалі на абутку адзін аднаго. Вось і ўсё. Харчавання ніякага на Акрэсціна наогул не было.

Калі б мяне ў школе папрасілі ахарактарызаваць, што такое фашызм… Гэтыя дзеянні я б ахарактарызаваў менавіта так.

Беларус беларусу
Чэмпіёнка Беларусі па муай-тай ратавала катаваных на Акрэсціна
2022.01.31 17:00

Бо нават калі быў суд, у мяне сведкам быў работнік ІЧУ. Гэта значыць, вось ён у форме. Ён мяне вядзе на суд. І ён жа ў мяне сведка. Пра якое судовае паседжанне можна казаць?

І быў такі… Ну, цяпер ужо смешны момант: я заходжу басанож у суд. Суд палічыў гэта непавагай да суда. Чаму я басанож выйшаў? Папрасіў вось гэтага сведку, каб мне знайшлі які-небудзь абутак. Мне там у калідоры нейкія тапкі знайшлі. І мяне толькі ў тэпціках прынялі на судовае паседжанне. Потым тапкі забралі. І ўсё. І далей, на Жодзіна, я сваёй дарогай.

Я не разумеў у той момант увогуле, што адбываецца: адчыняюцца дзверы турмы – выходзяць людзі а 4-й раніцы. І чалавек 200 стаіць – сустракаюць на ўваходзе. Я не разумеў. Вось гэты неапісальны стан. Памяняліся каштоўнасці. Калі я раблю два крокі – мяне апранаюць, даюць шкарпэткі, ахінаюць у плед, гарбату… Я да гэтага часу памятаю смак той цыгарэты «Winston», што аж галава адразу закружылася. І «Яндекс.Такси» бясплатна з Жодзіна вазілі ў Менск, дадому развозілі.

Я ўбачыў салідарнасць. Я разумею, што мне з імі па дарозе. А не з тымі, хто робіць даносы і гэтак далей».

Інтэрв’ю
«Мы дапамагаем людзям выстаяць». Як працуюць валанцёры падчас масавых пратэстаў і дзяржаўнага тэрору
2020.08.21 13:39

Пра хваробу і выратаванне

«З 1996 года – хранічны атыт. Пасля ён стаў прагрэсаваць, і атрымліваецца, узнікла халестэатома. Мне выдалілі гэтую пухліну. І пасля гэтай аперацыі мне трэба было аднаўляць сківіцу, якая ў мяне таксама пашкоджаная.

Я пайшоў закрываць бальнічны ліст. Мне яго закрылі з парушэннем рэжыму. З-за таго, што я не ў панядзелак прыйшоў, як павінен быў, 10 чысла. А прыйшоў толькі 16 чысла. Аргумент, што я быў увесь «у палоску», іх не цікавіў. Мне закрылі з парушэннем рэжыму.

Натуральна, я бачыў, як гэта было насамрэч. Я пачаў расказваць журналістам, як было падчас затрымання, на Акрэсціна, каб хоць нешта памянялася. І калі хоць у аднаго чалавека змянілася меркаванне, значыць, я зрабіў правільна. У Беларусі не любяць, калі кажуць, як усё ёсць сапраўды. Мной зацікавіліся следчыя органы.

Я не ведаў, што рабіць. Я проста не ведаў, што будзе заўтра. Я ўвесь час сыходзіў у глыбокую дэпрэсію, чытаючы навіны кожную раніцу. І было вельмі цяжка.

Тут асаблівая падзяка «Белсату». Бо калі я даваў сваё мінулае інтэрв’ю, доктар выйшла на сувязь з журналістамі «Белсату» і папрасіла, каб тыя перадалі мне яе каардынаты.

Вельмі складана прыйсці сюды, у паліклініку і растлумачыць усю гісторыю сваёй хваробы. І калі зʼяўляецца чалавек, якому ты можаш на той жа расейскай растлумачыць, то гэта нашмат лягчэй. І надае ўпэўненасці.

Мікалай і ягоная выратавальніца.
Фота: «Беларус беларусу»

Калі, жывучы на эміграцыі, сустракаеш такіх людзей, то разумееш, што ты нешта робіш правільна. І ідзеш правільнай дарогай.

І мяне адразу ж адправілі на аперацыю ў Цэнтр у Кайтанаўцы. Я пра яго вельмі шмат чытаў. Адзін з найлепшых цэнтраў у свеце, які займаецца непасрэдна маім захворваннем.

Чаму ўвогуле сачу за дзейнасцю «Белсату»? Бо для нас гэта святло ў акне. Гэта магчымасць даведацца пра першыя праўдзівыя навіны, пра тое, што адбываецца цяпер у Беларусі.

Я б шмат чаго аддаў за тое, каб мама падышла і пастаралася хаця б кофту паправіць. Раней бы гэта злавала. Думаеш: «Мам, ну я ж нармальна, ну…»

А цяпер, вядома, вось гэтага ўсяго не хапае. Плюс у мяне ёсць дзяўчына.

Мікалай – студэнт Варшаўскага ўніверсітэту.
Фота: «Беларус беларусу»

Гэта ўвогуле гісторыя! Яна жыве за 5 тысяч кіламетраў. І мы маем зносіны пакуль толькі праз «WhatsApp». Чакаем, каб зрабіць візу, і яна змагла прыехаць.

Гэта таксама такія эмоцыі, якія надаюць упэўненасці. Бо я ведаю, чаго я хачу. Я ведаю, што гэтая сустрэча абавязкова адбудзецца. Кожны такі момант дадае ўпэўненасці і сіл. Мару яе ўбачыць», – дзеліцца герой.

Больш за ўсё Мікалай чакае сваю каханую. З далёкага Новакузнецку. Але пакуль праблема ёсць з візай і запрашэннем. Можа быць, сярод нашых гледачоў ёсць хтосьці, хто дапаможа з дакументамі каханай Мікалая. Лістуйце да нас з любога пункту свету:

I памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.