«Мы дапамагаем людзям выстаяць». Як працуюць валанцёры падчас масавых пратэстаў і дзяржаўнага тэрору


Масавыя пратэсты ў Беларусі ды тэрор з боку ўладаў выклікалі ў грамадстве беспрэцэдэнтную хвалю салідарнасці. Сотні чалавек далучыліся да валанцёрскага руху. Belsat.eu пагутарыў пра іхную працу з двума валанцёрамі – Юліяй і Максімам (імёны змененыя на просьбу суразмоўцаў).

Юлія мае гуманітарную адукацыю, Максім – юрыст.

«Я раней удзельнічала ў пратэстах, але пасля Плошчы 2010 года я туды не хаджу, – распавядае Юлія. – Потым я валанцёрыла ў сацыяльнай сферы, але гэта ніколі не было сэнсам майго жыцця. Проста парыванне душы. І вось 11 жніўня мне патэлефанавала сяброўка і распавяла, што яна арганізавала ў сваім офісе (ён быў побач з адной з асноўных баявых кропак у тыя дні) дзяжурства з медыкаментамі дзеля дапамогі пацярпелым. А я ўмею аказваць першую медычную дапамогу. Вось з таго часу і пачаліся дзяжурствы».

На станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Група валанцёраў, у якую трапіла Юлія, хавала пратэстоўцаў, што збягалі ад сілавікоў, аказвала ім першую медычную дапамогу і нават знаходзіла дактароў, якія былі гатовыя ратаваць пацярпелых на ананімных умовах, – без афіцыйнага накіравання ў шпіталі. Медыкі таксама дапамагалі валанцёрам з медыкаментамі. «Мы былі шоку, колькі медыкі ўсяго прывозілі. Але яны казалі: лепш не спатрэбіцца, але будзе пад рукою», – успамінае Юлія.

Максім у першыя дні проста хадзіў на акцыі пратэсту, а пазней стаў дапамагаць пратэстоўцам як валанцёр. Гэтак ён і пазнаёміўся з Юліяй. Агулам у іхную валанцёрскую групу ўваходзіць каля 10 чалавек. У валанцёрскі рух у Менску ўцягнутыя сотні. «Мы дапамагаем людзям выстаяць», – кажа Юлія.

На станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Ніякага агульнага штабу валанцёрскага руху цяпер не існуе – гаворка ідзе пра асобныя групы, якія час ад часу каардынуюць намаганні. Акрамя таго, у сённяшніх умовах валанцёры не рызыкуюць рабіцца публічнымі асобамі ды афішаваць сваю дзейнасць у медыях і інтэрнэце. Што рабіць, калі хочаце далучыцца да руху? Максім і Юлія раяць шукаць выхады на валанцёраў праз асабістыя кантакты. «Дэ-факта цяпер мы працуем у рэжыме Штырліца», – тлумачаць яны.

За штабам групы Юліі ды Максіма ад панядзелка сочаць спецслужбы. Праўда, персанальнага ціску ніхто з валанцёраў яшчэ не зазнаў. «Але мы думаем, што хутка да нас могуць прыйсці. Мы гатовыя да гэтага», – прызнаецца Максім.

«Цяпер Акрэсціна лепш не чапаць»

На той момант, калі баі на вуліцах Менску прыпыніліся, у штабе ўжо назапасілася шмат вады і медыкаментаў. Група Юліі і Максіма шукала, куды накіраваць гэтыя рэсурсы. Тады яны звязаліся з валанцёрамі, якія працавалі ў лагеры каля ІЧУ на Акрэсціна. У выніку Максім далучыўся да працы лагеру. «Я бачыў, як хлопцы стамляюцца і проста прыехаў на падмену. Мне чалавек сказаў: я троху пасплю, а ты тут падзяжур, калі ласка», – кажа ён.

На ІЧУ і ЦІП Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Юлія тлумачыць, што праца валанцёраў пад Акрэсціна вельмі важная: трэба, каб людзі, якія выходзяць з ізалятару, разумелі, што яны не адныя, і адразу атрымлівалі дапамогу.

«Уявіце, людзі выходзяць пабітыя, а ім адразу на плечы вешаюць коўдру, даюць гарачую ежу… Памятаю, мы неяк прыехалі, прывезлі хатні суп, блінцы. Хлопцы спачатку сядзяць у такім ступары, кажуць – не, дзякуй, нам бы проста цыгарэту і каву. Ім у такой стрэсавай сітуацыі ежу трэба проста ўпіхнуць. А потым адна лыжка супу, другая, трэцяя, страўнік запускаецца… «А ці ёсць яшчэ?» – пытаюцца. Гэта цікавая псіхалагічная рэч, людзі пачынаюць вяртацца да нармальных чалавечых рэакцыяў», – распавядае Максім.

На ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Вялікі валанцёрскі лагер пад сценамі Акрэсціна сілавікі прымусілі згарнуць 19 жніўня, пасля таго, як да сценаў ізалятару спрабавалі прайсці пратэстоўцы. Цяпер там застаўся фактычна адзін намёт. Валанцёры лічаць, што новая спроба пратэстоўцаў зладзіць акцыю пад Акрэсціна цалкам пазбавіць іх магчымасці працаваць і справакуе новую хвалю гвалту супраць затрыманых.

Вялікі валанцёрскі лагер пад сценамі Акрэсціна. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Мы разумеем пасыл і матывацыю натоўпу – падтрымаць арыштаваных. Але разам з тым пратэстоўцы мусяць усведамляць, што Акрэсціна – гэта ўстанова з асаблівым рэжымам, і яны маюць права абараняцца, і весці агонь на паражэнне паводле інструкцыі ў падобных сітуацыях. Цяпер Акрэсціна лепш не чапаць. Трэба разумець, што людзі, якія застаюцца цяпер на Акрэсціна, – яны фактычна закладнікі. Кожная правіннасць звонку можа адбіцца на іх, і мы ніяк не зможам гэтага пракантраляваць. Да таго ж, калі будзе яшчэ адзін прыход пратэстоўцаў, то валанцёрам наагул не дадуць там працаваць. Людзі, якія будуць выходзіць з Акрэсціна, проста застануцца без дапамогі», – папярэджваюць суразмоўцы belsat.eu.

«У рэжыме баявога чакання»

Валанцёры кажуць, што на фоне беспрэцэдэнтнай кансалідацыі беларускага грамадства з’явіліся і асобныя выпадкі несумленнага стаўлення да дапамогі ды адкрытага хайпу на гэтай тэме. Паводле іх, варта вельмі асцярожна ставіцца да абвестак пра дапамогу ў сацсетках, асабліва калі гаворка ідзе пра сродкі для лякарняў. Паводле Юліі, усе, хто хоча чымсьці дапамагчы ў цяперашняй сітуацыі, мусіць прытрымлівацца аднаго прынцыпу: не нашкодзіць.

Вялікі валанцёрскі лагер пад сценамі Акрэсціна. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Цягам апошняга тыдня, калі пратэстаў у Менску не разганялі, валанцёры забяспечвалі дэманстрантаў вадой і ежай, а таксама прыбіралі смецце пасля акцыяў.

Максім тлумачыць, што цяпер ужо няма вострай патрэбы ў медыкаментах – у валанцёраў назапашаныя сур’ёзныя рэзервы. «Мы, імаверна, цэлы шпіталь можам гэтым забяспечыць», – кажа ён. Аднак людзям трэба быць гатовымі да таго, што ў любы момант адбудзецца новая ўспышка гвалту і гэтыя запасы знікнуць.

«Фактычна мы ў рэжыме баявога чакання. Мы кожны дзень засынаем з такой думкай, што заўтра штосьці будзе, і да гэтага трэба быць гатовым», – падкрэслівае Максім.

Максім упэўнены: пратэстаў ні ў якім разе нельга спыняць.

«Людзі выйшлі на вуліцу, бо ў іх скралі іх галасы. Але калі мы цяпер спынімся – заўтра ў нас адбяруць жыццё. Проста ўявіце сабе, што адбудзецца ў краіне, калі ўлады захочуць адпомсціць. Таму людзі павінны працягваць выходзіць на мірныя акцыі пратэсту. А мы абавязкова забяспечым іх вадой, ежаю і медыкаментамі», – кажа ён.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў