Падчас сустрэчы з чыноўнікамі Гомельшчыны Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, калі б ён не стаў прэзідэнтам, беларусаў бы цяпер «запрагалі ў калёсы і паганялі б пугай». Пра гэта паведамляе сайт кіраўніка дзяржавы.
Паводле Лукашэнкі, ягоная палітыка дала беларусам магчымасць зарабляць, хаця жывуць людзі і небагата.
«Калі б мы такую палітыку, мы яе па-навуковаму называем сацыяльна арыентаванай, народную не праводзілі, нас бы сёння ў гэтай залі не было, – казаў ён. – Праводзілі б тут нарады і сходы іншыя людзі, калі б яшчэ такую ўтульную залю ўдалося захаваць. Жылі б у чорта на рагах, як гэта было заўсёды, нас бы абувалі ў лапці, запрагалі ў калёсы і паганялі б пугай. Але мы тады, сціснуўшы зубы, перацярпелі, асабліва тут, на чарнобыльскай зямлі, вытрывалі».
Паводле яго, 90-я былі вельмі цяжкім часам:
«Мы былі босыя, без штаноў, галодныя».
Лукашэнка расказаў, як прыехаўшы ў вёску Ляскавічы ў першыя гады прэзідэнцтва, у туфлях, выйшаўшы з аўтамабіля, праваліўся ў пясок.
«Я пайшоў па гэтай вёсцы. Да мяне збегліся людзі. І калі мы ўжо ўсталявалі добры кантакт, людзі папрасілі (што б вы думалі?) – хлеба. Гэта мяне ўразіла. Цяжкія былі часы, але тое, што ў вёсцы не было хлеба, мяне ўразіла», – адзначыў ён.
Лукашэнка дадаў, што ягоныя апаненты цяпер хочуць «расхістаць, разгайдаць» сітуацыю ў краіне.
ІІ belsat.eu