Журналістку «Белсату» аштрафавалі за стрым з прэс-канферэнцыі Зайдэса

ВІДЭА

Кацярына Андрэева падчас аднаго са стрымаў з пратэстаў у Курапатах

Суд Савецкага раёну аштрафаваў карэспандэнтку belsat.eu Кацярыну Андрэеву на 50 базавых велічыняў (1225 рублёў) за асвятленне прэс-канферэнцыі ў рэстарацыі «Паедзем, паядзім», якая адбылася 20 ліпеня.

Гэта ўжо трынаццатая адміністратыўная справа супраць журналісткі. Артыкул – звычайны для «белсатаўцаў», 22.9 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Пастанову аштрафаваць яе вынес суддзя Сяргей Шаціла.

Нагадаем, адзін з уладальнікаў «Паедзем, паядзім», Леанід Зайдэс, 20 ліпеня зладзіў прэс-канферэнцыю ў рэстарацыі. Журналістаў папрасілі загадзя акрэдытавацца на яе.Кацярына Андрэева атрымала ад арганізатараў згоду на асвятленне падзеі.

Тады Зайдэс не адказваў на пытанні журналістаў, але распавёў, што кампанія гатовая ўзаемадзейнічаць са ўсімі грамадскімі актывістамі і арганізацыямі, якія нацэлены на рашэнне пытання ў Курапатах. Акрамя гэтага ён заявіў, што ён не намераны зачыняць рэстарацыю і што «мы не будзем весці перамовы з шантажыстамі».

Пратэсты супраць рэстарацыі ў Курапатах цягнуцца з чэрвеня – варта трывае больш за 100 дзён.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары