Журналістка «Белсату» сфатаграфавала, як яе мужу ўручаюць позву ў міліцыю, і атрымала за гэта штраф у эквіваленце 300 долараў


Журналісты Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук

Улады Берасця працягваюць пераслед незалежных журналістаў. Гэтак, фрылансэрка Мілана Харытонава была аштрафаваная на 612,5 рублёў (25 базавых велічыняў) суддзёй Раісай Лабачэўскай з суда Маскоўскага раёну Берасця.

Судовы працэс адбыўся 14 лістапада. Мілана Харытонава не брала ў ім удзел, бо не хоча ўдзельнічаць у судовым фарсе беларускіх уладаў.

З чаго ўсё пачалося? 4 кастрычніка міліцыя арганізавала засаду ў пад’езде, дзе жывуць журналісты
Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук. Супрацоўнік Маскоўскага РАУС Берасця Эдуард Власюк уручыў журналістам позвы ў міліцыю. У выніку Мілану Харытонову абвінавацілі ў супрацы з Белсатам без акрэдытацыі паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП і аштрафавалі на 25 базавых велічыняў.

Журналістка Мілана Харытонава

Галоўны аргумент абвінавачання – паказанні супрацоўніка міліцыі Эдуарда Власюка. Ён заявіў, што Харытонава трымала ў руках тэлефон, які быў накіраваны на супрацоўнікаў міліцыі, а пазней у інтэрнэце з’явілася фатаграфія. Суддзя Лабачэўская палічыла гэтыя паказанні дастатковымі для таго, каб даць журналістцы штраф. Раіса Лабачэўская не першы раз судзіць незалежных журналістаў. У 2015 годзе яна прысудзіла 30 базавых (735 рублёў) Іне Хоміч, а ў траўні гэтага – 25 базавых (612,5 рублёў) Алесю Ляўчуку.

«Штрафаваць за такое поўны абсурд. Міліцыя ў Беларусі часта парушае закон. Таму іх дзеянні я фіксую і размяшчаю гэту інфармацыю ў розных крыніцах, у тым ліку ў сацсетках, адкуль яе могуць браць розныя СМІ. У дадзеным выпадку мяне пераследуюць за інфармацыю за пераслед і ціск на журналістаў», – распавяла Белсату Мілана Харытонава.

У гэтым годзе Мілану Харытонову і Алеся Ляўчука судзілі ўжо па 6 разоў, а іх агульны штраф – больш за 5 тысяч долараў. Толькі за гэты год суды Беларусі пакаралі журналістаў за супрацу на Белсат больш чым на 74 тысячы долараў ЗША.

АС

Глядзі таксама
Каментары