Журналіст Антон Сурапін дамогся кампенсацыі за «плюшавы дэсант»


Міністэрства фінансаў мусіць выплаціць фатографу Br 8 млн больш чым за месяц зняволення. Пачаткова журналіст патрабаваў кампенсацыю на Br 190 млн.

У 2012 годзе Антон Сурапін правёў 35 дзён у СІЗА КДБ па абвінавачванню ў дапамозе арганізацыі акцыі шведскага піяр-агенцтва па «высадцы плюшавых мядзведзікаў» на тэрыторыі Беларусі. Фатографу інкрымінавалі падрыхтоўку незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы шведамі, хаця ён усяго толькі першым размясціў здымкі «плюшавага дэсанту» у інтэрнэце, паведамляе baj.by.

Пасля гучнай кампаніі салідарнасці журналістаў Антона Сурапіна вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, а пазней знялі з яго ўсе абвінавачанні. Тады, параіўшыся з юрыстамі, хлопец вырашыў пісаць заявы ў КДБ і дамагацца кампенсацыі.

«Калі я падаваў пазоў, то надзеі на перамогу было няшмат. Бо КДБ як на той момант, так і дагэтуль не вынес пастанову пра тое, што я ўвогуле маю права на такую кампенсацыю. Перапіска ж з КДБ на гэтую тэму пачалася адразу як з мяне знялі абвінавачванні», – распавёў belsat.eu Антон Сурапін.

«Выражаю сваё шчырае захапленне судом. Нягледзячы на адсутнасць пастановы КДБ на маю карысць, і першы, і касацыйны суды вырашылі даць хоць гэтыя 8 мільёнаў. Без жартаў магу сказаць, што ёсць хоць крышачку судовай справядлівасці», – дадаў ён.

У сваім «Facebookʼу» журналіст падзякаваў за падтрыманне, адзначыўшы, што нават у такой дзяржаве трэба патрабаваць справядлівасці.

За апошнія гады гэта першы прэцэдэнт, калі палітвязень дамогся кампенсацыі ад беларускіх уладаў.

Цяпер ён мае выбар – падаваць скаргу ў Вярхоўны суд, каб павялічыць памер кампенсацыі, або падаць скаргу ў Генеральную пракуратуру, каб дамагчыся афіцыйных прабачэнняў ад КДБ.

Аднак, паводле самога фатографа, цягам лета ён не плануе падаваць новых скаргаў, але не выключае, што паспрабуе абодва варыянты.

Акцыю з 800 плюшавымі мядзведзямі з цыдулкамі пра падтрыманне дэмакратыі ў Беларусі ў 2012 годзе зарганізавалі працаўнікі шведскай PR-кампаніі «Studio Total». Яны незаконна перасеклі беларускую мяжу на аднаматорным самалёце і раскідалі «цацачных дэсантнікаў» над Івянцом.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў