«Жоўтыя камізэлькі» не здаюцца: 16-я выходныя запар у Францыі адбыліся пратэсты


Пратэсты супраць эканамічнай палітыцы прэзідэнта Эманюэля Макрона адбыліся ўжо 16-я выходныя запар. Маршы 2 сакавіка былі менш масавымі, чым на мінулых тыднях.

Паводле МУС, па ўсёй Францыі 2 сакавіка пратэставалі больш за 39 тыс. чалавек. З іх 4 тыс. выйшлі на вуліцы Парыжу. Для параўнання: тыдзень таму паліцыя налічыла агулам 46,600 дэманстрантаў па ўсёй краіне і 5.800 у сталіцы. Улічваючы, што ў лістападзе 2018-га на акцыі «жоўтых камізэлек» выходзілі сотні тысячаў чалавек, відавочна, што пратэсты пайшлі на спад.

Як паведамляе Reuters, акцыі 2 сакавіка мелі пераважна мірны характару, але без сутычак з паліцыяй не абышлося. У Парыжы, Бардо, Нанце і Тулюзе праваахоўныя органы выкарысталі сілу супраць часткі пратэстоўцаў, што вялі сябе агрэсіўна (у тым ліку вадамёты і слёзатачывы газ). У сталіцы затрымалі 17 чалавек, паведамляе Euronews.

Актывісты «жоўтых камізэлек» абяцаюць працягваць пратэсты.

Акцыі пратэстнага руху так званых «жоўтых камізэлек» адбываюцца ў Францыі з 17 лістападу. Актывісты выступаюць супраць павышэння коштаў на паліва, урадавай падатковай палітыкі ў цэлым і патрабуюць адстаўкі прэзідэнта і прэм’ер-міністра. Мітынгі ў Парыжы неаднаразова выходзілі за межы мірных акцыяў, суправаджаліся вандалізмам і пагромамі.

Пачынаючы з лістападу атрымалі раненні каля 1000 сілавікоў і каля 1700 дэманстрантаў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў