Жанчыны і дзеці, звязаныя з баевікамі «Ісламскай дзяржавы», уцяклі з лагеру на поўначы Сірыі пасля абстрэлу з боку Турцыі, падае «Reuters» са спасылкай на курдскую адміністрацыю.
Колькасць тых, хто пакінуў лагер – 785 чалавек, удакладняе «Sky».
«У нядзелю курдскія ўлады заявілі, што 785 замежнікаў, звязаных з «ІД», збеглі з лагеру Айн-Іса пасля таго, як яго абстралялі турэцкія войскі і іх хаўруснікі», – паведаміў выданню Сірыйскі цэнтр маніторынгу за выкананнем правоў чалавека.
9 кастрычніка Анкара распачала вайсковую аперацыю «Крыніца міру» супраць курдскіх Атрадаў народнай самаабароны (YPG) пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вывеў частку амерыканскіх войскаў з памежнага рэгіёну.
Турцыя лічыць YPG тэрарыстамі праз іхныя сувязі з Рабочай партыяй Курдыстану, унесенай Турцыяй у спіс тэрарыстычных арганізацыяў.
У аперацыі задзейнічаныя ўзброеныя сілы Турцыі, а таксама Сірыйская нацыянальная армія, якую падтрымлівае Анкара.
Турцыя хоча стварыць на поўначы Сірыі буферную зону працягласцю ў 480 кіламетраў і глыбінёй у 32 км ад ракі Еўфрат да мяжы з Іракам, каб перасяліць туды многіх з 3,6 млн сірыйскіх уцекачоў, якіх яна прыняла ў выніку вайны Сірыі. Лідар Турцыі Рэджэп Эрдаган заяўляе, што адправіць уцекачоў у Еўропу, калі Еўразвяз не падтрымае яго напад.
У выніку нападу свае дамы пакінулі ўжо болей за 130 тысячаў чалавек. Міжнародную супольнасць непакоіць тое, што гэта можа прывесці да ўцёкаў баевікоў «Ісламскай дзяржавы» з турмаў, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні курдскіх уладаў.
Злучаныя Штаты пагражаюць Турцыі санкцыямі ў выпадку, калі яна не спыніць вайсковую аперацыю. Нямеччына і Францыя заявілі, што спыняюць экспарт зброі ў Турцыю. Аперацыю асудзіла таксама Ліга арабскіх дзяржаваў.
ДД belsat.eu