Курды трымаюцца да канца. Эрдаган кідае Турцыю ў абдымкі Масквы


Курды – пад абстрэлам турэцкага войска, а апошні з іхных моцных саюзнікаў – ЗША – у баку ад крывавай аперацыі з лагоднаю назвай «Крыніца міру» на поўначы Сірыі. На загад прэзідэнта Турцыі авіяцыя ды артылерыя атакуюць фармаванні Сірыйскіх дэмакратычных сілаў, у якіх асноўную ролю граюць курды. Курды кажуць пра здраду ЗША і баяцца, што іхную аўтаномію знішчаць. Чаму цяпер? І каму гэта трэба?

Спачатку авіяўдары, потым наземны наступ турэцкіх ваенных сілаў пры падтрыманні сірыйскай арміі…

На загад прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана адбываецца наступ на курдаў – найбуйнейшую ў свеце групу насельніцтва без дзяржавы, якая жыве аўтаномна на поўначы Сірыі.

Знішчаныя больш за дзве сотні аб’ектаў фармаванняў, якія частка курдска-арабскага апазіцыйнага альянсу «Сірыйскія дэмакратычныя сілы». У горадзе аль-Камішлі за некалькі кіламетраў ад Турэцкай мяжы, у гэтыя дні перабывае журналіст «Прасвету».

Сяргей Марчык, журналіст «Белсату», дакументаліст, г. аль-Камішлі, Сірыя:

«Нягледзячы на пагрозу мясцовыя курды сыходзіць адсюль не збіраюцца, арганізаваліся ў малыя парамілітарныя групы, узялі калашнікавы ў рукі і пайшлі патруляваць горад. Па-першае, яны баяцца наступу Турцыі. Па-другое, баяцца актывізацыі войскаў «Ісламскай дзяржавы», што ўжо пацверджанае».

Малымі групамі курды перавозяць свае семʼі за межы гарадоў, якія прыпадаюць на зону аперацыі, і толькі некаторыя разглядаюць магчымасць пераехаць ніжэй на поўдзень аўтаноміі.

Пытанне, якія насамрэч планы мае лідар Турцыі… стварыць, як кажа, 40-кіламетровую зону бяспекі пры сваёй мяжы і размясціць там 2 мільёны сірыйскіх уцекачоў, ці ягоная мэта – усе тэрыторыі курдскай аўтаноміі, насельніцтва якой называе тэрарыстамі, а аперацыю «Крыніцаю міру».

Рэджэп Таіп Эрдаган, прэзідэнт Турцыі:

«Гэй, Еўрапейскі Звяз, вазьмі сябе ў рукі. Я паўтараю гэта зноў. Калі вы паспрабуеце пазначыць гэтую аперацыю як уварванне, гэта вельмі проста, мы адчынім вароты і адправім 3,6 мільёна ўцекачоў да вас!»

Мова ўльтыматумаў – уласцівая лідару Турцыі, якая выкарыстоўвае свой геапалітычны стан. Супраць «уварвання» Анкары выказаліся ключавыя сусветныя гульцы, а Францыя, Нямеччына, Вялікая Брытанія, Бельгія і Польшча склікалі закрытае паседжанне Рады бяспекі ААН у гэтай справе. Дапаможа стрымаць Турцыю – толькі адное, кажа польскі аналітык і журналіст Вітольд Рэпетовіч. Карэспандэнт TVP цяпер працуе ў г. аль-Камішлі, Сірыя:

«Прыпыненне чалецтва Турцыі ў НАТО было б істотным крокам уплыву. Анкара хоць і падкрэслівае часта, што дае НАТО больш, чымся НАТО дае ёй, насамрэч яна баіцца выключэння з альянсу, бо ў такім выпадку яе лёс будзе вырашаць Расея».

Турцыя працягвае паступовае выцясненне курдаў, зялёнае святло якому, на іхную думку, далі здраднікі з Белага дому. Кантынгент ЗША, размешчаны ў Курдыстане, пакінуў зону аперацыі. Хоць фактычна ЗША былі саюзнікамі мясцовых у змаганні з міжнародным тэрарызмам – пераважна «Ісламскаю дзяржавай».

Каментуе Ілля Куса, арабіст, Украінскі інстытут будучыні, Кіеў:

«Пазней альянс перарос барацьбу з тэрарызмам і стаўся больш палітычным саюзам, скіраваным, паводле Вашынгтону, на стрымліванне Ірану і сірыйскіх урадавых войскаў. У нейкім сэнсе і Турцыі. З пункту гледжання маральнай палітыкі гэта можна назваць здрадаю».

Эксперт з Украіны называе другую прычыну, з якою не Захад, а Расея пераможа ў новай сітуацыі.

Працягвае Ілля Куса:

«Масква спадзяецца на тое, што ў выніку вайсковай аперацыі Турцыя яшчэ больш будзе дрэйфаваць ад Захаду. А калі Захад яшчэ ўвядзе санкцыі супраць Турцыі, то хутчэй за ўсё Эрдаган кінецца яшчэ бліжэй у абдымкі Масквы, Пекіну, Ірану. Ён будзе яшчэ больш залежным ад пазіцыі Расеі аб Сірыі. І, вядома, гэта ім выгадна».

Пра ўвядзенне санкцыяў ужо загаварыў ніхто іншы як Вашынгтон: прапаноўвае замарозіць фінансавыя актывы прэзідэнта Турцыі ў ЗША. Калі да гэтага дойдзе, Пуцін перадасць Афрын турэцкаму ісламізму, што станецца другім крокам у збліжэнні з Эрдаганам – пасля пастаўкі ў Турцыю сістэмаў СПА С-400.

Гаворыць Аляксандр Алесін, вайсковы аглядальнік, Менск:

«Калі Турцыя была актыўным сябрам НАТО, самым магутным, тады Савецкі Саюз дапамагаў курдам, каб аслабіць Турцыю. Каб адцягнуць яе ўвагу ад вонкавых справаў і скіраваць да ўнутраных. Цяпер Пуцін узяў курс на супрацу з Турцыяй. Выходзіць, што і ён таксама пакінуў курдаў».

Гэткім чынам Амерыка пакідае за сабою кантроль у суседнім Іраку, але саступае яго ў Сірыі. Там Крэмль мае дзве вайсковыя базы, якія выконваюць свае задачы.

Каментуе Віктар Літоўкін, вайсковы эксперт, палкоўнік у адстаўцы, Масква:

«Апроч таго, што Расея дапамагае сірыйскаму ўраду разграміць даішаўцаў, вызваліць тэрыторыю Сірыі ад «Ісламскай дзяржавы», Расея вырашае задачу стрымлівання 6-га амерыканскага флоту ў Міжземным моры. Тое галоўная задача для Расеі ў дадзеным выпадку».

Задачы сірыйскіх курдаў не ўпісаліся ў нацыянальныя інтарэсы дзвюх дзяржаваў. Нашаму журналісту яны сказалі, што збіраюцца да канца трымацца сваіх пазіцыяў, бо для іх гэта пытанне быць ці не быць.

Юлія Цяльпук

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 11.10.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Глядзі таксама
Каментары