Згвалтаванні гумавымі дубінкамі, збіццё і абразы. Што адбывалася з затрыманымі падчас мірных пікетаў?


Праваабаронцы лічаць рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў спланаванымі.

За час мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, паводле звестак МУС, затрымалі каля 7000 чалавек. Шмат хто з іх заяўляе пра збіццё і катаванні.

Паводле афіцыйных звестак МУС, у ноч з 9 на 10 жніўня сілавікі затрымалі каля 3000 чалавек, у ноч з 10 на 11 – больш за 2000, у ноч з 11 на 12 – больш за 1000, і яшчэ каля 700 – у ноч з 12 на 13. Затрыманні працягваліся і пазней, але ўжо не былі такімі масавымі. На вечар 18 жніўня заставаліся 44 адміністрацыйна арыштаваных пратэстоўцы.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Шмат хто з затрыманых заяўляе пра збіццё і катаванні. Як піша СК, на 17 жніўня больш за 600 грамадзянаў звярнуліся з заявамі аб атрыманні цялесных пашкоджанняў пры іх затрыманні міліцыянтамі, і каля 100 чалавек – аб атрыманні цялесных пашкоджанняў у месцах часовага ўтрымання. Шмат затрыманых пасля збіцця апынуліся ў больніцах. Станам на 11 жніўня такіх было больш за 200, яшчэ 51 дадаўся 12 жніўня. На 14 жніўня ў больніцах Беларусі, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, знаходзіліся на шпіталізацыі 150 чалавек. Адзін з іх, Генадзь Шутаў, якому ў Берасці куля прабіла галаву, памёр раніцай 19 жніўня.

Гэта чацвёрты пацверджаны выпадак смерці пратэстоўцы за 11 дзён пратэсту (раней загінулі Аляксандр Тарайкоўскі, Аляксандр Віхор і Арцём Парукаў). Таксама знойдзенае цела сябра ўчастковай камісіі з Ваўкавыску Канстанціна Шышмакова, які адмовіўся падпісаць выніковы пратакол на выбарах. Пакуль падрабязнасці смерці невядомыя.

Hавiны
Майстру музычных інструментаў сілавікі знявечылі пальцы, наступалі нагамі на шыю і галаву
2020.08.19 22:42

Праваабаронцы фіксуюць катаванні

Як паведаміў «Белсату» прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, праваабаронцы ўжо апыталі і зафіксавалі на відэа і фота каля 400 чалавек, якія пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў. Некаторыя людзі робяць гэта ананімна. Збіраюцца гэтыя звесткі для некалькіх мэтаў. Па-першае, для таго, каб інфармаваць грамадства.

«Па-другое, тыя, хто гатовы звяртацца з заявамі ў Следчы камітэт, які на сёння праводзіць праверку, на жаль, а не распачатая крымінальная справа па гэтых усіх фактах. Тым не менш, мы лічым, што тыя, хто гатовы, павінны звяртацца з адпаведнымі заявамі, праходзіць экспертызу», – распавёў праваабаронца.

Таксама на падставе гэтых звестак плануецца звяртацца ў Камітэт ААН супраць катаванняў у парадку працэдураў артыкулу 20 Канвенцыі супраць катаванняў, якую Беларусь ратыфікавала.

«Мы працуем сумесна з Міжнароднай кааліцыяй супраць катаванняў і Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека. Дапамагае нам у гэтай працы адвакацкае бюро», – адзначыў Валянцін Стэфановіч.

Hавiны
Псіхолаг-валанцёр: Не глядзіце навіны, як фільм жахаў
2020.08.19 18:49

Масавыя і сістэмныя катаванні

Паводле суразмоўцы, катаванні насілі сістэмны і масавы характар, яны не былі з’явай толькі некалькіх чалавек, нейкага пэўнага падраздзялення ці нават нейкага аднаго гораду.

«Фактычна гэта было запланаванае мерапрыемства. Я мяркую, што былі дадзеныя адпаведныя ўказанні на гэта кіраўніцтвам МУС», – дадаў прадстаўнік «Вясны».

Паводле яго, з катаваннямі і бесчалавечным абыходам сутыкнуўся вельмі вялікі адсотак з 7000 затрыманых. Валянцін Стэфановіч падкрэсліў, што збіццё і катаванні людзей былі палітычна матываванымі – за тое, што людзі праяўлялі сваю палітычную актыўнасць, галасавалі не за таго кандыдата і «ўвогуле з’яўляюцца праплочанымі агентамі, праўда, незразумела каго».

Hавiны
Бясконцая ноч катаванняў у аўтазаку і РАУС. Юнака схапілі амапаўцы, калі той вяртаўся дадому
2020.08.19 11:04

Сексуальны падтэкст

Сярод катаванняў найбольш пашыраным было збіццё затрыманых, у тым ліку з ужываннем адмысловых сродкаў – гумавых дубінак. Таксама вельмі шмат людзей падвяргаліся абыходжанню, якое прыніжае іх чалавечыя гонар і годнасць, у тым ліку з сексуальным падтэкстам.

«Ёсць некалькі сведчанняў, што людзі падвяргаліся згвалтаванню гумавымі дубінкамі. Распраналі і мужчын, і жанчын. Жорстка здзекаваліся, прымушаючы спяваць гімн Беларусі, бо яны, маўляў, не патрыёты. Змушалі крычаць «Я люблю АМАП!» – заявіў праваабаронца.

Інтэрв’ю
«Абяцалі па чарзе памачыцца на мяне». Бабруйскі гісторык і журналіст – пра затрыманне і збіццё
2020.08.19 12:43

Асобна стаяць умовы ўтрымання, калі людзей «утрымлівалі некалькі содняў у перапоўненых, мякка кажучы, камерах», не кармілі. Таксама зафіксавана шмат выпадкаў не аказання пацярпелым медычнай дапамогі. Валянцін Стэфановіч таксама заявіў пра непрапарцыйнае ўжыванне зброі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў. Ён нагадаў, што нават нелетальную зброю нельга ўжываць пры вялікай колькасці людзей, бо гэта можа пацягнуць пашкоджанні для шырокага кола асобаў.

«Мы адназначна лічым, што сходы насілі мірны характар. І калі і былі нейкія інцыдэнты ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, то гэта мусіць разглядацца ўсё асобна і ў кантэксце таго, як гэта адбывалася, у тым ліку выпадкі самаабароны ад непрапарцыйных і незаконных дзеянняў міліцыі», – заявіў прадстаўнік «Вясны».

Hавiны
«Нанасілі ўдары па спіне і бакам». Як збівалі ў Магілёве пасля выбараў
2020.08.18 18:17

Ён падкрэсліў, што дэманстранты не чынілі дзеянняў, якія б падпалі пад арт. 293 КК пра масавыя беспарадкі. Гэтак, яны не ўчынялі падпалы ці пагромы, не аказвалі ўзброены супраціў праваахоўным органам. Таму «Вясна» настойвае на вызваленні ўсіх затрыманых у межах крымінальнай справы за масавыя беспарадкі (іх каля 80 чалавек) і ўжо прызнала першых 11 чалавек, якія затрыманыя як падазраваныя за масавыя беспарадкі, палітвязнямі. Але пасля высвятлення звестак усіх затрыманых адпаведныя захады будуць ужывацца і да іх.

«На сённяшні дзень можна сказаць, што ў нас 37 палітычных зняволеных», – дадаў Валянцін Стэфановіч.

На яго думку, гэта не канчатковая лічба.

Hавiны
«Раўлі ўсе – і дарослыя і дзеці. Цяжарную збівалі таксама». 14-гадовы хлопец распавёў пра катаванні
2020.08.18 21:13

МГ belsat.eu

Стужка навінаў