Затрыманага за «хуліганства» журналіста Рамана Пратасевіча выпусцілі з Першамайскага РАУСу


Пра затрыманне блогер і актывіст напісаў у Twitter.

Нібыта падставай для затрымання сталі хуліганскія паводзіны ў аўтобусе месяц таму.

«Скажу коратка: гэта нейкае феерычнае пекла. За час затрымання не было ніякіх папераў увогуле. Ні пратаколаў апытання, ні справы, увогуле нічога».

Раман піша, што найбольшую ўвагу аддалі ягонаму тэлефону: доўга нешта шукалі і некалькі разоў фатаграфавалі экран. Таксама хлопец адзначае, што за ўвесь час затрымання ў яго ані разу не запыталі пра пашпарт і асабістыя дадзеныя.

Праз некалькі гадзінаў журналіста адпусцілі.

«Справа распачатая паводле ч.1 атрыкула 339 (Хуліганства). Нібыта ў 20-х чыслах верасня я ехаў да дзяўчыны ў Лошыцу і ўдарыў кіроўцу аўтобуса. Кіроўца нібыта апазнаў мяне па фота», — распавёў Еўрарадыё затрыманы журналіст.

Гэта не першы ціск на Рамана Пратасевіча з боку праваахоўнікаў. У 2017-ым годзе яго судзілі за Курапаты. Нібыта ён удзельнічаў у мітынгу за абарону мемарыяла. Аднак акурат у гэты час Раман здаваў экзамен. Летась Раман таксама адсядзеў 10 содняў за ўдзел у акцыі 26 сакавіка.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў