Затрыманага і збітага міліцыяй журналіста з Ганцавічаў аштрафавалі на Br 810


Суддзя прызнала яго вінаватым у непадпарадкаванні службовай асобе і парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, перадае Intex-press.

Журналіст «Ганцавіцкага часу» Аляксандр Пазняк быў брутальна затрыманы мясцовай міліцыяй у суботу 20 чэрвеня. Разам з калегам Сяргеем Багровым і яшчэ некалькімі мясцовымі жыхарамі ён правёў выходныя ў Ганцавіцкім РАУС, а ў панядзелак 22 чэрвеня яны былі дастаўленыя на суд у Баранавічы.

Аляксандр Пазняк у судзе.
Фота: Ірына Комік / intex-press.by

У суботу згодна з рэдакцыйным заданнем («Ганцавіцкі час» зарэгістраваны ў Міністэрстве інфармацыі) ён асвятляў акцыю салідарнасці з палітзняволенымі ў Ганцавічах. Адтуль ён вёў стрым «Вконтакте». Ужо на судзе ён распавёў, што яго брутальна затрымалі.

«Павалілі на траву, узялі за валасы і білі па рэбрах і ў твар. Апранулі кайданкі», – кажа журналіст.

На допыце ў судзе ён зазначаў, што выконваў сваю працу як журналіста. Ён распавёў, што міліцыянты з’явіліся толькі праз 2 гадзіны пасля пачатку акцыі. Прычым адразу іхныя дзеянні былі агрэсіўныя: пачалі перашкаджаць здымаць. Але як толькі Аляксандр сказаў, што ён журналіст, яму перасталі замінаць.

Аляксандр Пазняк перад паседжаннем.
Фота: Ірына Комік / intex-press.by

Сведка Лукʼянчык, намеснік старшыні Ганцавіцкага РАУС, падчас дачы паказанняў зазначыў, што Пазняк не рэагаваў на патрабаванні міліцыі разысціся і зʼяўляўся ўдзельнікам акцыі. Таму да яго была ўжытая фізічная сіла.

У выніку, разгледзеўшы матэрыялы справы, суддзя Кацярына Груда прызнала Аляксандра Пазняка вінаватым па арт. 23.4 (непадпарадкаванне службовай асобе) і арт. 23.34 (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў) КаАП РБ. Журналіст будзе абскарджваць рашэнне суду.

Сёння апроч Пазняка ў Баранавічах судзілі Ягора Дуліка, які здымаў затрыманне журналістаў міліцыяй. Мужчыне зламалі рабро і яго ўвязлі адразу з суда ў шпіталь.

  • Па ўсёй краіне 18 – 20 чэрвеня прайшлі акцыі салідарнасці з затрыманым Віктарам Бабарыкам. Аднак акцыя ў Ганцавічах вылучылася сваім жорсткім затрыманнем: па сеціву распаўсюдзіліся фотаздымкі, дзе міліцыянт стаіць каленам на шыі затрыманага мужчыны.
  • Беларуская асацыяцыя журналістаў выпусціла заяву, у якой патрабуе вызваліць усіх затрыманых журналістаў. Яны адзначаюць, што па ўсёй краіне было арыштавана 14 прадстаўнікоў СМІ. Некаторыя журналісты былі нават збітыя пры затрыманні. Да заявы далучыліся рэдакцыі некалькіх дзясяткаў медыяў, у тым ліку Tut.by, Onliner, «Камсамольская праўда» ў Беларусі«, »Радыё Свабода« і іншыя. Падпісаўся пад заявай і »Белсат«.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў