Сёння ў Менску праваахоўнікі затрымалі Сяргея Сацука – галоўнага рэдактара онлайн выдання «Ежедневник».
Сёння ўдзень у грамадскім месцы журналіста затрымалі асобы, якія прадставіліся супрацоўнікамі Камітэту дзяржкантролю, і ўвезлі Сяргея Сацука машынаю пасля праверкі ягоных дакументаў. Пра затрыманне галоўрэда «Ежедневник» TUT.BY паведамілі ягоныя калегі.
Прычыны затрымання на гэты момант не вядомыя. Ці фігуруе Сацук у нейкай справе, у Камітэце дзяржкантролю не каментуюць.
Сяргей Сацук – аўтар шэрагу журналісцкіх расследаванняў, у тым ліку леташніх – аб карупцыі ў Мінздароўя Беларусі, раней казаў пра пагрозы расправы ў свой адрас, звязаныя з ягонаю прафесійнаю дзейнасцю. Летась 22 жніўня ў праграме «Панарама» на канале «Беларусь 1» Сацука абвінавацілі ў публікацыі замоўленых артыкулаў. Каментуючы змест сюжэту, журналіст сказаў: «Мяне ці заб’юць, ці пасадзяць».