Залазілі ў заплечнікі, кашалькі і кішэні: у віцебскім каледжы зладзілі ператрус


У навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжу зладзілі ператрус асабістых рэчаў. Інцыдэнт здарыўся 19 красавіка. Самі навучэнцы заяўляюць пра незаконнасць такіх дзеянняў, а ў адміністрацыі кажуць, што ўсё гэта было зроблена ў іх жа інтарэсах.

«Цікавіліся любым дзіўным прадметам»

Відэа ператрусу было апублікаванае ў тэлеграм-канале NEXTA.

Гэта ўжо не першы падобны ператрус у каледжы. Першы здарыўся ўзімку пасля таго, як за наркотыкі «закрылі навучэнца групы э-32 і яго дзяўчыну». «Нядаўна куратар нам распавёў, што злавілі яшчэ двух чалавек, і ўчора зладзілі такі самы ператрус», – распавёў belsat.eu адзін з навучэнцаў.

Па словах другога суразмоўцы, кіраўніцтва каледжа таксама было ўсхваляванае выпадкам у Стоўбцах, і, каб не дапусціць такія ж выпадкі, шукалі нажы, іншую халодную зброю ды наркатычныя рэчывы.

Hавiны
Студэнтам-медыкам замест заняткаў паказваюць Лукашэнку?
2019.04.19 13:10

Па словах студэнтаў, ператрус быў незаконным, бо шмат якім навучэнцам няма і 16 гадоў, а значыць, пры падобных дзеяннях павінны прысутнічаць іх бацькі.

«Ператрус праходзіў проста: падчас урокаў заходзіла наша кіраўніцтва і правярала заплечнікі, усё змесціва кішэняў, каб усё было выкладзена на стол. Цікавіліся любым дзіўным прадметам, у некага дачапіліся да старых грошай, залазілі ў кашалькі і іншае», – адзначыў суразмоўца.

Тых, хто адмаўляўся паказваць свае тэлефоны, заплечнікі ды іншыя асабістыя рэчы, вялі да загадчыкаў аддзялення, распавялі навучэнцы.

Адміністрацыя: навучэнцы і бацькі падтрымліваюць такія дзеянні

У адміністрацыі каледжу карэспандэнту belsat.eu заявілі, што «усе дзеянні педагагічных працаўнікоў абумоўленыя мерамі па падтрыманні грамадскай бяспекі і парадку».

«Гэта пацвердзіць кожны навучэнец. І яны разумеюць, што гэтыя дзеянні толькі ў іх інтарэсах з мэтай недапушчэння сур’ёзных парушэнняў», – адзначылі ва ўстанове.

Hавiны
Школьнік, які забіў у Стоўбцах настаўніцу і вучня, часткова прызнаў сваю віну
2019.03.29 09:57

Па словах суразмоўцы, гэтыя дзеянні падтрымліваюць як большасць студэнтаў, гэтак і іх бацькоў.

«Вы ж самі ведаеце, што здарылася ў Стоўбцах два месяцы таму, калі навучэнец пранёс нож у навучальную ўстанову, і ў выніку пацярпелі і педагогі, і навучэнцы. І мы ў тым ліку праводзім прафілактычную працу з мэтай недапушчэння падобных рэчаў, бо вы ж разумееце, што задача кожнага педагога – забяспечыць бяспеку ў адукацыйным асяроддзі дзіцяці», – заявіла суразмоўца.

На пытанне, ці плануюцца падобныя прафілактычныя праверкі ў будучыні, у каледжы не змаглі адказаць, назваўшы пытанне «вельмі правакацыйным».

«Не трэба пажар тушыць бензінам»

Тэму трагедыі ў Стоўбцах падчас паслання народу і Нацыянальнаму сходу закрануў і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«Я крытыкую пастаянна ў сувязі з падзеямі ў Стоўбцах: недзе певень, як у народзе кажуць, дзяўбнуў у адно месца – заварушыліся, Карпенка (міністр адукацыі Ігар Карпенка. – Заўв. belsat.eu) і ўсе. Начальнік па бяспецы – увесці ў кожнай школе. Намеснікі дырэктараў па бяспецы – увесці. Псіхолагамі – запрудзіць. Дзе вы грошы на гэта возьмеце, і ці трэба гэта наогул?» – заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што «не трэба пажар тушыць бензінам».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў