Заламалі рукі, не прымалі перадачу. У Менску затрымалі дырэктара рэкламнага агенцтва


Аляксандр Васілевіч пайшоў падаваць хадайніцтва ў будынак КДБ. Там яго затрымалі, адвезлі ў РАУС, але так і не выпусцілі, паведамляе The Village.

Дырэктар рэкламнага агенцтва Vondel, Hepta, а таксама «Галерэі Ў» Аляксандр Васілевіч 28 ліпеня разам з яшчэ 50 асобамі адправіўся ў будынак КДБ, каб падаць хадайніцтва аб змяненні меры стрымання для Віктара Бабарыка. Аднак падаць заявы не ўдалося: шмат каго затрымалі ўнутры будынку, пасадзілі ў аўтазакі і развезлі па РАУСах.

Аляксандр Васілевіч.
Фота: facebook.com

Як піша The Village, галоўная рэдактарка выдання Яўгенія Сугак разам з Аляксандрам Васілевічам каля 18 гадзінаў зайшлі ў будынак КДБ. На ўваходзе іх запыталі, навошта яны прыйшлі. Калі пачулі аб хадайніцтве, то іх запрасілі ў кабінет, там затрымалі і на аўтазаку адвезлі ў Фрунзенскі РАУС. Яўгенію праз некалькі гадзінаў выпусцілі, а вось Аляксандра – не. Яна прыгадвае, што мужчыне брутальна заламалі рукі.

Абноўлена
Усіх журналістаў, якія меліся весці стрым з-пад будынку КДБ, затрымалі
2020.07.28 13:54

Ягоная жонка Надзея Зелянкова распавяла, што ўчора ёй казалі, што Васілевіч знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна. Увечары Надзея прачакала пад брамаю 40 хвілінаў, аднак нічога пра лёс мужа ёй не сказалі.

Калі яна на наступны дзень а 9 раніцы туды прыехала, жанчыне пацвердзілі, што муж знаходзіцца там, аднак перадачу браць адмовіліся. Толькі а 16:30 Надзея даведалася, што Аляксандр на Акрэсціна. Заўтра, 30 ліпеня, яго чакае суд. Час і месца – невядома.

28 ліпеня ў будынку КДБ затрымалі больш за 50 чалавек. Сярод іх былі і журналісты «Белсату». Большасць выпусцілі праз пару гадзінаў нават без складання пратаколаў. Аднак некаторых пакінулі ў РАУСе на ноч.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў