Неабвешчаная вайна Расеі і Украіны, якую з жартамі адмаўляюць маскоўскія прапагандысты, паступова робіцца фактам масавай свядомасці. Паводле афіцыйнай расейскай версіі, камандзір падраздзялення спецыяльнага прызначэння ФСБ РФ Раман Каменеў загінуў у баі супраць украінскіх дыверсантаў у Крыме. Цяпер гэта літаральна выбіта на камяні.
Існуюць дзве радыкальна адрозныя версіі падзеяў, у выніку якіх загінуў ветэран-афіцэр Федэральнай службы бяспекі Расеі і яшчэ адзін расейскі вайсковец. Неназваная колькасць расейскіх вайскоўцаў ці спецслужбоўцаў былі тады параненыя.
Згодна з афіцыйнай расейскай версіяй, у ноч на 7 жніўня 2016 году ўкраінскія агенты ў падкантрольным Расеі Крыме збіраліся сустракаць дыверсійную групу, якая планавала перайсці лінію размежавання паміж Расеяй і Украінай.
Украінцы, паводле ФСБ, збіраліся правесці дыверсіі на аб’ектах энергетычнай і турыстычнай інфраструктуры ў Крыме. Пра аперацыю нібыта стала вядома ФСБ.
Ноччу 7 жніўня ў раёне гораду Арцёмаўск байцы аддзелу суправаджэння спецыяльных мерапрыемстваў (ОСОМ) ФСБ мелі арыштаваць «украінскіх дыверсантаў», якія ім былі вядомыя.
На заданне яны адправіліся без бронекамізэляк, узброеныя толькі аўтаматамі і пісталетамі. Паводле расейскай газеты «Камерсант», адпаведны раён ужо патрулявалі расейскія памежныя войскі ФСБ і расейская паліцыя, таму, калі падпалкоўнік Каменеў убачыў групу ўзброеных людзей, то спачатку крыкнуў: «Стаяць, працуе ФСБ!», каб выпадкова не стрэліць у сваіх.
Меркаваныя ўкраінскія агенты (ці падпольшчыкі) адразу адкрылі агонь і забілі Каменева, пасля чаго самі былі захопленыя. Агнём у адказ нібыта было забіта 2 украінца і трое былі захопленыя ў палон.
З іншай групай, зноў жа паводле ФСБ, атрымалася яшчэ больш сумная гісторыя. Украінскія дыверсанты ў іншым месцы зайшлі на падкантрольную Расеі тэрыторыю, дзе сустрэліся з расейскімі дэсантнікамі з 247-га дэсантна-штурмавога палка 7-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі. У баі быў забіты расейскі яфрэйтар-дэсантнік Сямён Сычоў, неакрэсленая колькасць дэсантнікаў атрымала раненні і іхны далейшы лёс невядомы. А ўкраінскія дэсантнікі проста адступілі дамоў.
Раман Каменеў і яфрэйтар Сычоў атрымалі ордэны Мужнасці пасмятротна. Імём Каменева названыя вуліца і школа ў Курскай вобласці, адкуль ён родам.
Украінскія ўлады ў асобе прэзідэнта Пятра Парашэнкі назвалі расейскую версію падзеяў «фантазіямі», а у асобе сакратара Савету нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксандра Турчынава – «правакацыйным трызненнем».
Дарадца міністра МУС Украіны Антон Герашчанка нават апублікаваў дадзеныя аднаго з двух ідэнтыфікаваных затрыманых, які, паводле яго, быў антыўкраінскі скіраванай асобай яшчэ ў перыяд Майдану.
Дадзеныя «дыверсанта» знайшліся нават на сайце «Міратворац», які збірае інфармацыю пра такіх асобаў.
Да таго ж вельмі дзіўна выглядаў яшчэ другі названы «дыверсант» – Яўген Паноў, які быў ва Украіне публічнай асобай – спачатку ўдзельнікам АТО, а потым валанцёрам і сябрам выканкаму гарадской рады Энергадару, сябрам партыі «Укроп».
Больш нікога з арыштаваных не паказалі.
Міжнародная рэакцыя была даволі адназначнай. Літва назвала заяву ФСБ падробкай, ЗША ў асобе свайго амбасадара ва Украіне адзначылі, што не бачылі ніякіх доказаў расейскай версіі, прыкладна тое ж заявіў і Еўрапейскі звяз, і NATO. Беларусь, якая забяспечыла пляцоўку для перамоваў па ўкраінска-расейскім канфліке, фактычна адмаўчалася.
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі заявіў, што хутчэй за ўсё падчас патрулявання ці нейкай спецыяльнай аперацыі супрацоўнікі ФСБ і вайскоўцы проста не пазналі адзін аднаго і пачалі перастрэлку.
«Страты ўдакладняюцца, але страты ёсць – як загінулыя, гэтак і параненыя», – паведаміў Скібіцкі.
На карысць гэтай версіі кажа, што ФСБ ідэнтыфікавала толькі дваіх затрыманых з пяці ці сямі, пра якіх паведаміла спачатку. Таксама не былі ідэнтыфікаваныя быццам бы двое забітых «украінскіх дыверсантаў».
Такім чынам з вялікай верагоднасцю расейскія сілавікі перабілі адзін аднаго. Аднак сам факт неабвешчанай вайны цяпер на дзесяцігоддзі замацаваны ў граніце.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu