Мужчыну збілі невядомыя ў масках. За ягонае жыццё змагаліся да апошняга


11 лістапада на «плошчы Пераменаў» у Менску невядомыя ў масках збілі Рамана Бандарэнку. Мужчына трапіў у больніцу ў цяжкім стане. На жаль, лекары не змаглі яго выратаваць.

Даведка
Раман Бандарэнка.
Фота: старонка ў Facebook

Увесь дзень Раман Бандарэнка быў у цяжкім стане ў аддзяленні нейрахірургіі БХМД – туды яго даставілі з РУУС Цэнтральнага раёна.

Мужчыну затрымалі вечарам на плошчы Пераменаў у Менску. Пры гэтым сілавікі жорстка збілі яго.

Маці Рамана гаварыць з прэсай пакуль адмовілася.

Дыягназ Рамана Бандарэнкі: цяжкая закрытая ЧМТ, вострыя субдуральныя гематомы на галаве, кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканак.

Хлопец не можа гаварыць, на звароты не рэагуе, напісана ў дыягназе.

Быў шпіталізаваны з РУУС без прытомнасці.

«Лекары нас папярэдзілі, што ёсць літаральна адзін шанец з тысячы. І мы на яго вельмі спадзяемся, бо Рома моцны і здаровы. Мы верым, што ён зможа паправіцца. Брату зрабілі трэпанацыю чэрапа, як нам патлумачылі, у яго ўтварылася вялікая гематома ў той частцы мозгу, якая адказвае за жыццёва важныя функцыі. Гематома вельмі ціснула на мозг, і таму вырашана было правесці такую ​​аперацыю. У наступным трэба будзе правесці яшчэ некалькі аперацыяў. Але, разумееце, сітуацыя такая: рабіць нешта трэба і нічога рабіць нельга, паколькі ён у цяжкім стане і любое ўмяшанне можа справакаваць смерць. Напэўна, лекары будуць збіраць яшчэ адзін кансіліум, вырашаць, як дзейнічаць. Нам застаецца маліцца і разлічваць на Рому, што ён усё пераадолее. Верым у цуд», – распавяла Onliner сястра Рамана.

На вялікі жаль, Рамана Бандарэнка не выратавалі. Ён памёр вечарам 12 лістапада.

Раману Бандарэнку быў 31 год. Ён жыў каля плошчы Пераменаў. Раней мужчына праходзіў службу ва ўнутраных войсках у в / ч 3214. Потым працаваў дырэктарам у краме «Востраў чысціні». Пакуль за жыццё Рамана змагаліся, мы паразмаўлялі са сваяком.

Сваяк Рамана Бандарэнкі (муж сястры) распавёў «Белсату», што кансіліум лекараў цягнецца ўжо гадзіны дзве.

«Прафесар нейкі павінен быў прыйсці. Сітуацыя скаладаная. Рома цяпер у коме».

Раман жыве на Чарвякова, ля Плошчы Перамен, перыядычна праводзіў час з суседзямі ў двары. Паводле адукацыі ён – мастак. Ёсць жонка. Па словах сваяка, праблемаў з міліцыяй у Рамана раней не было.

«Ён вельмі асцярожны чалавек. Паколькі служыў у спецназе і ведае, што там робяць з людзьмі… Таму стараўся пратэстную актыўнасць не надта праяўляць».

Святлана Ціханоўская выказалася пра сітуацыю з Раманам Бандарэнкам, які знаходзіцца ў цяжкім стане пасля затрымання.

«Учора на Плошчы Пераменаў быў збіты Раман Бандарэнка. Цяпер ён знаходзіцца ў БХМД у вельмі цяжкім стане. У яго вельмі складаныя траўмы галавы і ацёк мозгу. Пасля ўсяго, што з ім зрабілі, Раман можа памерці. Мы ўсе спадзяемся на лепшае. Але разумеем, што гэтая кроў – на руках рэжыму, які спрабуе ратаваць сваё існаванне коштам жыццяў беларусаў».

У МУС пракаментавалі сітуацыю са збіццём Рамана

«Учора каля 22.30 у міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што ў двары дома на вул. Чарвякова ў Менску б’юцца невядомыя. Працаўнікі міліцыі выявілі 31-гадовага грамадзяніна з цялеснымі пашкоджаннямі. У далейшым праваахоўнікі выклікалі яму хуткую медычную дапамогу. Мужчына шпіталізаваны. Папярэдне вядома, што канфлікт адбыўся з-за бел-чырвона-белых стужак, якія былі развешаны на канструкцыях ў двары. Па дадзеным факце ў цяперашні час праводзіцца праверка», – сцвярджае МУС.

Аднак вядома, што Рамана Бандарэнку спачатку затрымалі, даставілі ў Цэнтральны РУУС. Тут яго трымалі каля двух гадзінаў і пасля павезлі ў шпіталь. Медыкі на ўмовах ананімнасці пацвярджаюць, што мужчыну збілі сілавікі.

Беларускі свет
«Сыходзіў не са шпіталю, сыходзіў з сістэмы Кіраўніцтва справамі прэзідэнта»
2020.11.10 19:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў