Ярмошына адказала на запрашэнне Канапацкай далучыцца да дыскусіі па выбарчым заканадаўстве


25 траўня Аб’яднаная грамадзянская партыя ладзіць дыскусію «Выбары як умова пазітыўных пераменаў».

Узяць удзел у ёй запрасілі прадстаўнікоў ЦВК, камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў, міжведамаснай экспертнай працоўнай групы па разглядзе рэкамендацыяў БДІПЧ АБСЕ па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі.

Сябра АГП, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая выслала адмысловае запрашэнне ў ЦВК, на што старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адказала:

«Інфармуем, што прадстаўнікі ЦВК прымаюць удзел у абмеркаваннях прапановаў па змяненні выбарчага заканадаўства ў адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы як субекта права заканадаўчай ініцыятывы. Паколькі такое даручэнне адсутнічае, наш удзел у названым мерапрыемстве прадстаўляецца немагчымым».

Фотаздымак адказу ЦВК змясціў у сваім «Фэйсбуку» старшыня АГП Анатоль Лябедзька, напісаўшы пры гэтым:

«Які народ, якія выбарнікі, якія дэпутаты? Ёсць толькі адзін, надзелены правам вызначаць, якія лічбы агучваць, куды ісці і што гаварыць. Авечкі пасвяцца на лузе ля Чырвонага дому пад прыглядам пастуха».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў