Як Расея, Украіна ды ДНР адрэагавалі на даклад аб «MH17»


Якую рэакцыю выклікаў даклад Міжнароднай групы, што займаецца расследаваннем крушэння летака?

Дакумент быў прадстаўлены сёння. Згодна з ім, запуск ракеты зенітна-ракетным комплексам «Бук» быў здзейснены каля вёскі Першамайская (знаходзілася пад кантролем прарасейскіх сепаратыстаў). Таксама следчыя група заявіла, што «Бук» быў дастаўлены на тэрыторыю Украіны з Расеі, а пасля запуску ракеты зноў вярнуўся ў РФ.

У МЗС Украіны мяркуюць, што апублікаваная сёння справаздача паклала канец усім спробам Расеі дыскрэдытаваць дзейнасць сумеснай следчай групы ды вынікі расследавання праз распаўсюд непраўдзівай інфармацыі.

Investigation_of_the_crash_site_of_MH-17

Галандскія і аўстралійскія паліцыянты на месцы трагедыі

«Даклад яшчэ раз указвае на непасрэдную датычнасць дзяржавы-агрэсара (Расеі) да збіцця самалёту. Расследаванне ў адносінах да канкрэтных падазраваных, ланцуга падпарадкаванасці і перадачы камандаў ідзе цяпер, каб ужо хутка перадаць справу на разгляд належнай судовай інстанцыі», – адзначылі ў вонкавапалітычным ведамстве Украіны.

І дадалі, што было б эфектыўным стварыць міжнародны трыбунал пад эгідай Рады бяспекі ААН, але Расея стала адзінай краінай, якая наклала вета на гэтую ідэю.

Расея: Украіна магла падрабляць доказы

Міністэрства замежных справаў Расеі назвала перадузятым і палітычна матываваным следства па справе аб крушэнні малайзійскага Боінгу пад Данецкам.

«Самавольна прызначаць вінаватага і выдумляць жаданыя вынікі стала нормай для нашых заходніх калегаў», – гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка МЗС Расеі Марыі Захаравай.

У ведамстве адзначылі, што Расея была адхіленая «ад паўнавартаснага ўдзелу ў следчым працэсе», у той час як Украіна ўвайшла ў лік краінаў, прадстаўнікі якіх былі ўключаныя ў склад міжнароднай камісіі па расследаванні. Паводле Захаравай, Украіна атрымала «магчымасць падрабляць доказы і паварочваць справу на сваю карысць».

Стала вядомая і рэакцыя «Данецкай народнай рэспублікі». Старшыня гэтак званага «Народнага савету» сепаратысцкага ўтварэння Дзяніс Пушылін мяркуе, што дакладам сваякоў загінулых у авіякатастрофе «наўмысна ўводзяць у зман».

«Амерыканцы першымі заявілі, што самалёт збілі апалчэнцы, гаворка ішла пра тое, што ў ЗША ёсць здымкі са спадарожнікаў. Але дагэтуль яны не прадставілі ніякіх дадзеных», – адзначыў Пушылін у каментары выданню «Lenta.ru».

На ягоную думку, расследаванне «цяжка назваць абʼектыўным».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў