Следства па MH17: самалёт збіў расейскі БУК. Расея: гэта не мы


28 верасня Міжнародная група, якая займаецца расследаваннем крушэння летака паведаміла, што зенітна-ракетны комплекс «Бук» даставілі ва Украіну з Расеі. Пазней ЗРК вярнуўся на тэрыторыю РФ, заяўляюць эксперты.

Паводле кіраўніка дэпартаменту расследаванняў паліцыі Нідэрландаў Гілберта Паулісена, запуск ракеты быў здзейснены з поля, якое месціцца каля вёскі Першамайскае (знаходзілася пад кантролем прарасейскіх сепаратыстаў).

«Гэта пацвярджаюць дадзеныя ЗША, якія ацанілі, што месца запуску знаходзілася ў шасці кіламетрах на поўдзень ад Снежнага», – заявіў прадстаўнік паліцыі.

Прэс-канферэнцыя Міжнароднай следчай групы (ангельская версія)

Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, спаслаўшыся на Мінабароны РФ, заявіў, што высновы Міжнароднай следчай групы не адпавядаюць рэчаіснасці.

«Існуюць неабвержныя факты. У дадзеным выпадку важна рабіць высновы, улічваючы апошнюю інфармацыю, якая была апублікаваная, а менавіта першасныя дадзеныя радараў, якія фіксавалі ўсё лятальныя абʼекты, якія маглі б стартаваць або знаходзіцца ў паветры на тэрыторыі, якая знаходзілася пад кантролем апалчэнцаў», – сказаў журналістам ён.

Нагадаем, што 17 ліпеня 2014 года пад Данецкам (Украіна) разбіўся самалёт «Boeing 777» кампаніі «Malaysia Airlines», які ляцеў з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. У выніку трагедыі загінулі 298 асобаў.

Рэпартаж «Vice news» з месца падзення MH17. Увага! 18+

Хуткія высновы ЗША і Нямеччыны

Прэзідэнт ЗША 18 ліпеня 2014 года заявіў, што самалёт збілі сепаратысты пры дапамозе ЗРК (зенітна-ракетны комплекс) «Бук». Да аналагічных высноваў прыйшла і нямецкая выведка.

Масква мяняе версіі

21 ліпеня 2014-га міністэрства абароны Расеі абнародавала звесткі, якія нібыта пацвярджалі, што пасажырскі лятак збіў украінскі вайсковы самалёт.

26 верасня 2016-га расейскае міністэрства абароны зняпраўдзіла ўласную версію пра збіццё пасажырскага самалёту ўкраінскім штурмавіком.

Незалежныя эксперты з «Bellingcat»

Паводле міжнароднай групы расследаванняў «Bellingcat», самалёт збілі з самаходнай устаноўкі пад нумарам 332 расейскай 53-й зенітна-ракетнай брыгады, якая базуецца пад Курскам.

Спецыялісты «Bellingcat» прыйшлі да такой высновы пасля аналізу адкрытых крыніцаў, галоўным чынам, публікацыяў у сацыяльных сетках.

Першы афіцыйны даклад аб крушэнні летака MH17 апублікавала 13 кастрычніка 2015 года Рада бяспекі Нідэрландаў.

У Галандыі гэтая дзяржструктура адказвае за расследаванне прычынаў і наступстваў аварыяў, катастрофаў і стыхійных бедстваў. Пошук канкрэтных вінаватых у кампетэнцыю Рады бяспекі не ўваходзіць.

У 2015-м ведамства заявіла, што прычынай катастрофы стала ракета «Бук», якая выбухнула злева ад кабіны пілотаў.

Паводле галандскіх экспертаў, тэрыторыя з якой маглі запусціць ракету, складае 320 квадратных кіламетраў.

Расследаванне абставінаў крушэння MH17 вядуць дзве групы: Рада бяспекі Нідэрландаў і Міжнародная следчая група пры нідэрландскай пракуратуры. Задача першай – усталяваць прычыну крушэння, задача другой – усталяваць вінаватых. Падчас прэс-канферэнцыі 28 верасня прозвішчы падазраваных не прагучалі.

Фота: «Reuters»

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў