«Я веру, што на Дзяды да мяне прыходзяць продкі». Як адзначалі дзень продкаў каля Докшыцаў


Беларусы вельмі шанавалі продкаў, таму два разы на год былі асобныя дні: Радаўніца і асеннія Дзяды.

З прыняццем хрысціянства гэтыя дні былі прывязаныя да царкоўнага календара. Так, Радаўніцу зараз адзначаюць на 9-ы дзень пасля праваслаўнага Вялікадня, а асеннія Дзяды ў католікаў 1-2 лістапада, а ў праваслаўных – у першую суботу лістапада, так званую Дзмітрыеўскую суботу. Сёлета гэта будзе 7 лістапада.

Лепшы кавалак – для памерлых продкаў

Зараз Беларусь становіцца ўсё больш урбаністычнай краінай, і традыцыі продкаў, на жаль, забываюцца. Але ёсць людзі, якія іх памятаюць і перадаюць сваім дзецям. Адна з іх, жыхарка Докшыцаў Таццяна Дорц. З ёй мы і пагутарылі пра традыцыі святкавання Дзядоў у іх сям’і.

Таццяна нарадзілася ў вёсцы Камайск, гэта непадалёк ад Докшыцаў, ля былой польска-савецкай мяжы, але ўжо з савецкага боку.

Таццяна Дорц распавядае пра традыцыі сваёй сям’і.
Фота: LJ/belsat.eu

«Што наша сям’я заўсёды рабіла на Дзяды? – апавядае спадарыня Таццяна. – Мы білі старога пеўніка, бо да гэтага часу падрасталі маладыя пеўні. Вось і ў мяне таксама зараз бегае малады пеўнік, гэта будучы гаспадар двара, а стары абавязкова пойдзе ў наступную суботу дзядам на стол».

Таццяна не ведае, адкуль пайшла гэта традыцыя, але так заўсёды рабіла яе мама. Яна гэта запомніла, і таксама так робіць. Для сябе яна вырашыла, што гэта такая ахвяра дзядам, каб яны не рабілі нічога дрэннага гаспадару хаты.

А яшчэ на Дзяды абавязкова цеплілі лазню, і ўсе павінны былі памыцца. Хто мыўся апошнім, то наліваў у тазік вады, клаў мачалку і мыла для дзядоў.

«Мой бацька вельмі любіў парыцца, таму мы яму кладзём венік, – распавядае Таццяна Дорц. – Адыходзячы з лазні, я заўсёды кажу: «Прыходзьце, дзяды, мыцца ў лазню»».

Гэта традыцыя выконваецца ў сям’і Таццяны да гэтага часу. А яшчэ яна ўспамінае расповед сваёй мамы пра наступствы таго, як адзін чалавек гэту традыцыю парушыў.

За савецкім часам святкаванне Дзядоў лічылі дурноццем, старымі забабонамі. І вось аднойчы адзін чалавек, камуніст, прыйшоў да людзей, каб памыцца ў лазні. Яму людзі кажуць, што ўжо нельга, дванаццаць гадзін ночы мінула, ужо дзядоў у лазню запрасілі. Але ён сказаў, што ўсё адно пойдзе. І пайшоў.

ВІДЭА
Марш супраць тэрору. Шэсце ў Курапаты. ХРОНІКА ДНЯ
2020.11.01 12:52

Раней электрычнасці ў лазнях не было, асвятляліся яны газоўкамі. І гэты чалавек напусціў пары, залез на палок, узяў венік і пачаў хвастацца. І раптам саслізнуўся і грымнуўся (зваліўся) з палка на падлогу. Усе лічылі, што гэта яго дзяды скінулі.

Гаспадыня Таццяна Дорц і аўтар Зміцер Лупач.
Фота: LJ/belsat.eu

«А яшчэ мая мама казала, што нельга пасля поўначы хадзіць мыцца, бо там ужо мыюцца чэрці, – успамінае Таццяна. – І я сваім дзецям казала пра гэта, калі яны мяне не слухалі. Такім вось жартам прывучала іх памятаць пра традыцыі».

Пасля лазні сям’я сядала за стол.

«Дзядам быў заўсёды самы лепшы кавалак, самую смачнейшую страву рабілі на Дзяды, бо вельмі паважалі продкаў, – распавядае Таццяна Дорц. – Так было не толькі ў нашай сям’і, а амаль ва ўсім Камайску».

Запрасіць памерлых, каго няма каму ўспомніць

Падчас вячэры на стале гарэла свечка. Стаяў заўсёды асобны кубачак. Кожны, хто выпіваў чарку, спачатку мусіў падзяліцца з продкамі, адліўшы туды колькі кропель. На асобны сподачак клалі пачастунак дзядам – з кожнай стравы невялікі кавалачак. Пасля ўжо страву маглі есці члены сям’і.

«Дзеці часам пыталіся: «А што яны самі не возьмуць потым ноччу?» – апавядае Таццяна. – На што я адказвала: гэта знак таго, што дзелішся з дзядамі, перад тым як есці, ты аддаеш даніну павагі продкам. Так я вучыла сваіх дзяцей, спадзяюся, як у іх будуць свае сем’і, у іх працягнецца гэта традыцыя».

Перад ядой абавязкова чыталі малітву «Ойча наш» і пайменна запрашалі за стол усіх продкаў. Спачатку бацькоў, калі яны ўжо памерлі, потым продкаў з аднаго, і з другога боку.

«А яшчэ я ўзяла звычай ад мамы, пералічыўшы ўсіх сваіх продкаў, сказаць: «І тыя, каму няма куды ісці, прыходзьце да нас», – кажа Таццяна. – Гэта традыцыя мне дужа падабалася, і я зараз таксама так раблю, бо ведаю, што шмат якіх суседзяў з маёй вёскі няма каму ўспомніць».

Жанчына верыць, што яны абавязкова прыходзяць да яе на Дзяды. Яна ўспамінае, што частка вяскоўцаў не прытрымлівалася традыцыі шанавання Дзядоў, і тыя сем’і неяк зайздросцілі тым, дзе гэту традыцыю захоўвалі.

Бог высока, а продкі побач

Яшчэ Таццяна ўспамінае пра такую прыкмету: як сканчалася вячэра, бацька гасіў свечку і глядзеў, у які бок пойдзе дым. Лічылася, што чалавек, у бок якога ён пайшоў, першы пойдзе з хаты ў іншы свет. «Таму зараз, калі я гашу свечку, то трымаю яе пальцамі так, каб дым пайшоў уверх», – з усмешкай кажа Таццяна.

Бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг на паліцы.
Фота: LJ/belsat.eu

Яна лічыць, што ў гэтых традыцыях больш народнай асновы, чым рэлігійнай. Беларусы раней вельмі шанавалі продкаў, і калі прынялі хрысціянства, то яно прыйшло не на пустую глебу, бо людзі ж у нешта верылі і да гэтага. Наагул, хрысціянства налічвае два тысячагоддзі, на нашых землях яно тысячу гадоў, а людзі ж жылі тут нашмат раней.

«Старэйшыя людзі, у тым ліку і мая мама казала, што Бог высока на небе, можа і не заўважыць, калі ты робіш дрэннае, а продкі, яны заўсёды былі побач. Таму дужа баяліся іх гневу, не Божага, а менавіта гневу продкаў. Што яны могуць не дапамагчы, каб скаціна вялася, каб збажына ўзышла. Таму вялікі страх быў».

Таццяна Дорц успамінае гісторыю пра жанчыну з іх вёскі, бабу Дар’ю. Яе даглядала сястра Таццяны, сацыяльны работнік. Было ўжо той бабулі гадоў за восемдзесят. Як і было прынята ў вёсцы, на Дзяды жанчына накрыла стол, паставіла на яго бутэльку віна. А рукі ў яе былі слабыя, таму яна не здолела яе адкаркаваць.

Калі праз колькі дзён сястра Таццяны яе наведала, баба Дар’я распавяла ёй пра свой сон. Прысніўся ёй ноччу муж-нябошчык і кажа: «Есці ты нарабіла, а выпіць не дала. Нават чаркі не выпіў у цябе».

Пасля таго да самай сваёй смерці яна прасіла сацыяльнага работніка, каб тая перад Дзядамі адкаркоўвала ёй бутэльку з віном. Такая вось была гісторыя ў Камайску.

Каб дзеці пераказалі сваім дзецям

Напрыканцы Таццяна Дорц падзялілася сваім сямейным паданнем пра Дзяды. Калі яе бабуля была маленькая, да іх на Дзяды прыехалі госці і засталіся начаваць. Месца было мала, і для яе, маленькай, паслалі кажух на лаве побач са сталом і паклалі спаць. І вось у сне яна бачыць, як расчыняюцца дзверы і ідуць спачатку маленькія дзеткі ў белых кашулях, а за імі большыя, а потым і старэйшыя людзі. Усё ідуць і ідуць, і дайшлі да яе і спыніліся. А тыя, што былі ля дзвярэй, кажуць, маўляў, чаго вы сталі, ідзіце, праходзьце за стол. А малыя кажуць: «Мы не можам, тут дзіця спіць». А яны кажуць: «Дык будзіце яе і праганяйце».

Сталі яны костачкамі стукаць па стале, яна спужалася, прачнулася і закрычала, разбудзіла ўсіх. Тады бацькі забралі яе да сябе на печ спаць.

Гэта распавядала Таццяне яе мама. І яе гэта вельмі ўразіла, таму, па яе словах, яна верыць, што на Дзяды продкі абавязкова да яе прыходзяць.

Таццяна Дорц шкадуе, што зараз гэта традыцыя забываецца: «Мая дачка распавядала, што калі казала сваім сябрам, як у нас адбываюцца Дзяды, яны з гэтага вельмі дзівіліся».

Сваім дзецям яна пераказала гэту традыцыю і вельмі спадзяецца, што тыя перакажуць гэта сваім. Бо не павінна забывацца тое, у што верылі нашы продкі і якіх традыцый прытрымліваліся.

Зміцер Лупач, Belsat.eu

Стужка навінаў