«Я цябе пастаўлю ракам». У Віцебску міліцыянт збіў інваліда, у якога абакралі дом


Жыхар Віцебску, інвалід ІІ групы Аляксандр Шкуратаў даведаўся, што яго ўчастак абакралі. Аб правапарушэнні Аляксандру паведамілі міліцыянты, якія прыехалі за пацярпелым у бальніцу, дзе ён знаходзіўся на лячэнні. Але замест таго, каб знайсці злачынцаў, міліцыянты пачалі ціснуць на пацярпелага.

«Я адмовіўся размаўляць з міліцыянтамі ў гэткім тоне»

Аляксандр Шкуратаў перасоўваецца з дапамогаю мыліцаў. Увосень 2017 года ён лёг на абследаванне ў лякарню праз праблемы з нагамі. 29 лістапада яму патэлефанавалі з Чыгуначнага РАУС Віцебска і паведамілі аб крадзяжы ў доме.

«У мяне паралізаваныя ступні, не гояцца язвы на пятцы, таму праходзіў лячэнне. У канцы лістапада патэлефанавалі з міліцыі: «Вы ведаеце, што абакралі ваш дом?!» Пра гэта я даведаўся ад міліцыянтаў, якія прыехалі за мной у больніцу, патлумачыўшы, што патрэбная мая прысутнасць для афармлення дакументаў», распавядае Аляксандр.

Прыватны дом пацярпелага жыхара Віцебску знаходзіцца пад сігналізацыяй, якая і спрацавала падчас крадзяжу. З участку скралі пару аўтамабільных акумулятараў, а таксама дзве бензапілы для нарыхтоўкі дроў. Па словах Аляксандра Шкуратава, прыкладны матэрыяльны ўрон склаў 300 долараў.

З лякарні Аляксандр паехаў у аддзяленне міліцыі, дзе разам з міліцыянтамі перасеў у іншую службовую машыну. Але разлічваць на аператыўны пошук маёмасці і зламыснікаў не прыйшлося.

«Старэйшы лейтэнант Шарапаў (гэтак прадставіўся міліцыянт – заўв. Belsat.eu) пацікавіўся, што было скрадзена, і запатрабаваў прадставіць дакументы на кожную рэч. У мяне ёсць дакументы на машыну, але якія паперы могуць быць на акумулятары?

Міліцыянт сказаў: «Калі не пакажаш дакументы, я цябе пастаўлю «ракам» прама ў двары». Я адмовіўся размаўляць у такім тоне і паабяцаў паскардзіцца кіраўніцтву. У той жа момант міліцыянт схапіў мяне за каўнер швэдру і пачаў душыць, я стаў задыхацца і паспрабаваў укусіць яго за руку… Далей былі яшчэ ўдары”, распавядае Аляксандр Шкуратаў.

Напісаўшы заяву аб збіцці, пацярпелы інвалід зафіксаваў пабоі. Па словах Аляксандра Шкуратава, ён атрымаў удар локцем у вуха і некалькі ў падбароддзе.

«У машыне яшчэ сядзелі прапаршчык і маёр, але ніхто з іх не сказаў ні слова. А Шарапаў дадаў, маўляў, калі б не знаходзіліся каля аддзялення, то ён бы мяне закапаў. Я ж не звяртаўся ў міліцыю, супрацоўнікі міліцыі прыехалі за мною самі, а адзін з іх збіў бездапаможнага чалавека на мыліцах. На маё абурэнне адзін з іх адказаў: «Няма чаго было правакаваць міліцыянта», кажа Аляксандр.

«Праз скаргу, якую я падаў, да мяне прыйшлі з ператрусам»

Пратакол ператрусу

Але на гэтым нягоды Аляксандра Шкуратава не скончыліся: праз некалькі дзён да яго прыйшлі з ператрусам, які інвалід расцэньвае як ціск з боку праваахоўных органаў.

«Мяне сталі вінаваціць у скупцы крадзенага: нібыта ў двух грамадзянаў я купіў метал і бочку. Калі я папрасіў паказаць мне гэтых людзей, міліцыянт адказаў, што яны сядзяць у СІЗА. Усе рэчы (трубы, батарэі, брук), якія ў мяне на ўчастку, я перавёз з лецішча ў Гарадоцкім раёне, дзе сталі красці. З лякарні мяне выпісалі ў пятніцу, а з ператрусам прыйшлі ў панядзелак. Нават калі б я скупляў крадзенае, то я меў досыць часу ад усяго пазбавіцца. Калі міліцыянт паабяцаў «паставіць мяне на вушы», я разумеў, што будуць наступствы», распавядае Аляксандр.

Цяпер па факце збіцця вядуць службовае разбіральніцтва А ператрус Аляксандр звязвае выключна са скаргай на міліцыянта, які яго збіў.

Інвалід прызнаецца, што баіцца знаходзіцца адзін дома, таму і звярнуўся ў незалежныя СМІ з мэтай прыдаць сітуацыю агалосцы.

«Адна з следчых пазней спытала: «Вас моцна пакрыўдзілі?» Як адказаць на гэтае пытанне, ўлічваючы, што я не быў падазраваным ці абвінавачваным?! Страшна ўявіць, што дазваляюць такія супрацоўнікі як старшы лейтэнант Шарапаў у дачыненні да вінаватых людзей! Падпалкоўнік, які браў у мяне тлумачэнні, спытаў: «Як вы хочаце, каб мы яго пакаралі?» Мне яго пакуты не патрэбныя, але дзеянні такога супрацоўніка павінны быць супастаўныя з законам», гаворыць Шкуратаў.

Міліцыя амоўчваецца

У Чыгуначным РАУС, працаўнікі якога выязджалі «на размову» з інвалідам, не каментуюць сітуацыю. Кіраўнік аддзелу Аляксей Блахін адмовіўся размаўляць з карэспандэнтам «Белсату» ды з усімі пытаннямі скіраваў у прэс-службу УУС.

У сваю чаргу ў прэс-службе віцебскай міліцыі мы таксама не пачулі ўцямных адказаў на пытанні. Начальнік групы інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкаму Вольга Шкуратава заявіла, што не будзе даваць каментароў, бо «Белсат» не мае афіцыйнай акрэдытацыі ў Беларусі.

Раман Васюковіч, belsat.eu

Фота аўтара.

Стужка навінаў