Я піянерам крочыў у першамайскіх шэрагах дэманстрантаў і ззяла ласкавае радыеактыўнае сонейка-1986

Алесь
Дзянісаў

Не прайшло, як кажуць, і паўгода, як апазіцыя разрадзілася зваротам да грамадства – у сувязі з пандэміяй каронавіруса. Ініцыятарам выступіў Павел Севярынец, які заклікаў да «народнага каранціну». Можна па-рознаму ставіцца да гэтага кроку, спрабаваць абвінаваціць Паўла ў хайпажорстве і папулізме, але, на маю думку, гэта знак таго, што апазіцыя нарэшце пачала займацца самым актуальным на сённяшні дзень для грамадства пытаннем. А грамадства, можа, нарэшце пачне ўслых задаваць пытанні.

Дагэтуль апазіцыя займалася страшэнна важнай для ўсіх беларусаў справай: праймерыз. Адзіны чалавек, які зрабіў хоць нешта істотнае, – Ганна Канапацкая, якую пазбавілі праймэрыз. Канапацкая выйшла на адзіночны пікет з патрабаваннем да ўладаў увясці каранцін.

Ганна Канапацкая зладзіла адзіночны пікет каля Дому ўраду. Фота: belsat.eu

А вось «народны каранцін» больш нагадвае сат’яграху, да якой беларусы не гатовыя. У звароце Паўла ёсць шмат істотнага, але ёсць бязглуздзіца. Як можна, напрыклад, не хадзіць у ВНУ, калі цябе за гэтае могуць выключыць? Ці як можна «звесці свае сацыяльныя кантакты да мінімуму», калі большасць працягвае ездзіць на працу, ды яшчэ і ў грамадскім транспарце?

«На заняткі не прыйшлі 20–30 %». Студэнты распавялі пра каронавірусны байкот

Калі размова ідзе пра каранцін, то гэта павінны быць жорсткія агульнадзяржаўныя захады; і гэтага павінна патрабаваць ад уладаў і апазіцыя, і грамадства. Але пакуль каронавірус – гэта нібыта далёкая еўрапейска-кітайская страшылка, а ў кішэнях – шарам пакаці, то якая тут самаізаляцыя? Нашая дзяржава не будзе плаціць за тое, што ты сядзіш у хаце, як робяць, напрыклад, у Паўднёвай Карэі. У нашай дзяржавы грошай няма. А значыць – будзе што будзе. Ужо закупіліся грэчкай і макаронаю. І лепей заставацца ў анабіёзе, чым задаваць пытанні, бо на ўсе пытанні знойдуцца зручныя адказы.

– Ці хапае ў нас месцаў у шпіталях?

– Адляжымся па хатах.

– Будуць пісаць, што паміраюць ад звычайнай пнеўманіі…

– А якая розніца, ад чаго паміраць?

– Ці ўсе нашыя медыкі забяспечаныя спецсродкамі?

– Не мая праблема, бо не я даваў клятву Гіпакрата!

– Ці хапае ў краіне апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх?

– Не чулі пра такія! Мы больш часныком і гарэлкай лекуемся! Межы, бачыш, пазачынялі! Вось і няхай сядзяць са сваймі вірусамі ў сваіх Еўропах! І наагул, у італьянцаў – дрэнны імунітэт. І паміраюць адны старыя! А ў нас, калі што, пенсіянераў – заваліся!

Каронавірус выявілі ў жыхаркі Жыткавічаў. Яна не была за мяжой

Пенсіянеры маўчаць. Пагатоў асноўная рыторыка ўладаў – заспакаяльная і пенсіянераахоўная: падумайце пра старых! Вось увядуць каранцін у школах і дзіцячых садках, адразу наступіць пенсіянерскі калапс. Кранты старым, бо будуць сядзець з каронавіруснымі ўнукамі па хатах.

Каля інтэрната №3 Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Фота: Mikhail Semyonov / TASS / Forum

А інтэрнэт бурчыць. Усю онлайн-грамаду можна вобразна падзяліць на тры лагеры: «скептыкі», «пафігісты» і «ведуны». «Скептыкі» кажуць пра новы эпідэміялагічны апакаліпсіс і посцяць навіны з Італіі. «Пафігісты» хэйцяць «скептыкаў», называюць іх панікёрамі і размяшчаюць зубаскальныя мемы на тэму каронавіруса. Маўляў, на аўтадарогах значна больш гіне! А тут яшчэ і Лукашэнка падліў смалы ў агонь: «Спланавалі і арганізавалі нейкі псіхічны дом!» Хто і як спланаваў, раскажуць «ведуны». У іхнай абойме – і кітайцы з баявымі кажанамі-забойцамі, і міжнародныя масоны, якія арганізавалі дыверсію супраць «Aliexpress», і кара Нябесная… Не хапае толькі версіі змовы туалетна-папяровых алігархаў супраць уладальнікаў турыстычных фірмаў і рэстаранаў.

Абвестка ў аптэцы. Фота: МГ / belsat.eu

Адзін з маіх знаёмых у спрэчцы горача выдаў: а навошта гэтая праўдзівая інфармацыя грамадству? Каб пачалася паніка? Каб пачалася хваля суіцыдаў? Я гэтага не хачу. І выдатна разумею, пра што ён кажа. Але людзі, каторыя прызвычаіліся жыць у ружовых акулярах, павінны час ад часу іх хаця б праціраць. А каб гэта зрабіць, трэба на хвілінку зняць гэтыя акуляры з носа…

Згадваючы геніяльны фільм «Матрыца», хочацца спытаць: чырвоная ці сіняя таблетка патрэбная нашаму грамадству? Асабіста я выбіраю чырвоную. Нягледзячы ні на што, я хачу ведаць праўду. Я маю на яе права! Гэта я 11-гадовым піянерам крочыў у першамайскіх шэрагах дэманстрантаў, калі за вакном ззяла ласкавае радыеактыўнае сонейка-1986.

І толькі праўда – няхай і зусім непрыемная – распачынае шчыры дыялог паміж грамадствам і ўладамі, адраджае няхай хісткі, але давер паміж бакамі. Толькі так мы можам спадзявацца на спрыяльную будучыню гэтай краіны.

«Лік ідзе на гадзіны». Беларускія дактары замежжа выступілі з адкрытым лістом

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Глядзі таксама

Больш матэрыялаў