Выступ за 10 $: як Аляксандра Саладуху назвалі суперзоркаю


Улюбёнец беларускай публікі Аляксандр Саладуха адзначае свой дзень нараджэння. 18 студзеня спеваку спаўняецца 56 гадоў. Як распачынаў свой творчы шлях эпатажны выканаўца?

Сваю творчую кар‘еру Аляксандр Саладуха пачаў з менскага начнога клубу «Парадыз», які размяшчаўся ў будынку кінатэатру «Масква», згадвае партал interfax.by. Уладальнікам установы быў беларускі музыка, удзельнік групы «Верасы» Генадзь Старыкоў.

«Памятаю, у 1994 годзе прыходзіць да мяне Саша і кажа: «Я толькі што вярнуўся са Швецыі і стаў там улюбёнцам шведскай публікі і пераможцам шведскага гіт-параду. Можна, я ў цябе ў клубе буду спяваць?». «Саша, тут не Швецыя. У нас слухаюць іншыя песні», – адказаў я, але на працу ўзяў і прызначыў яму заробак – 10 долараў за адзін выступ», – дзеліцца Генадзь Старыкоў.

У дзень свайго дэбюту Аляксандр папрасіў: «Гена, а ты можаш абвесціць мае заслугі, пра якія я табе расказваў?»

Былы гітарыст «Верасоў» сказаў, што ў жыцці трэба быць прасцей і дзеля жарту прапанаваў Саладуху прадставіць яго сціпла: «Суперзорка беларускай эстрады». Будучая знакамітасць успрыняла гумар сурёзна: «Так, Гена, абвесці мяне сціпла».

Старыкоў выканаў пажаданне Аляксандра і прамовіў: «А цяпер – сустракайце, новая суперзорка беларускай эстрады Аляксандр Саладуха!».

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Зала замерла. Прагучалі воплескі. Праз дзень, зачараваны славай, Саладуха падышоў да Генадзя з просьбай падвысіць яму заробак, аргументаваў так: «Я ж цяпер суперзорка беларускай эстрады».

«Я пасмяяўся сам сабе: «Ну, вось, Гена, ты стварыў новую суперзорку». І пагадзіўся. Ганарар Аляксандра падняўся да 15, а потым да 17,5 долараў за адзін выступ. З тых часоў я ўпэўнены, што ў жыцці трэба быць сціплейшым», – распавёў Старыкоў.

Аляксандр Саладуха стаўся з таго часу адным з самых распазнавальных артыстаў Беларусі і другім беларускім выканаўцам пасля Макса Каржа, які не пабаяўся замахнуцца на самую вялікую пляцоўку краіны «Менск-Арэну».

Паводле Аліны Мінахаран, interfax.by

Стужка навінаў