Вяртанне амбасадараў, падтрымка незалежнасці. Чаго чакаць ад візіту Пампэа ў Беларусь?


1 лютага ў Менск прыбывае Майк Пампэа. Дзяржсакратар ЗША плануе сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Макеем. Пытанні, вынесеныя на парадак дня, публічна не агучваліся. Эксперты тлумачаць, што візіт высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка азначае для Беларусі і чаму спачатку той наведаў Украіну.

Першая ў праграме Пампэёў – Украіна, туды ён прыляцеў увечары 30 студзеня і наступны дзень правёў у перамовах з кіраўніцтвам дзяржавы. Пасля Менску дзяржсакратар накіруецца ў Нур-Султан і Ташкент. Візіты ў рэгіён былі запланаваныя яшчэ на пачатку студзеня, аднак тады іх вырашылі перанесці праз крызіс на Блізкім Усходзе.

Украіна – першая ў праграме

Перад тым, як прыляцець у Менск, 31 студзеня Пампэёў пабываў у Кіеве, дзе перш за ўсё ўшанаваў памяць загінулых на Данбасе вайскоўцаў, усклаўшы кветкі да мемарыялу. Затым ён сустрэўся з кіраўніком МЗС Украіны Вадзімам Прыстайкам. Пампэёў заверыў, што ЗША «падтрымаюць Украіну ў супрацьдзеянні расейскай агрэсіі».

Майк Пампэа і Уладзімір Зяленскі ў Кіеве. Фота KEVIN LAMARQUE / Reuters / Forum

Асноўнымі ж тэмамі сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім стала выкананне Менскіх дамоўленасцяў, расследаванне справы Джо Байдэна, санкцыйная палітыка ў дачыненні да «Паўночнай плыні – 2» і інвестыцыі ва ўкраінскую эканоміку. Зяленскі адзначыў, што сёлета аб’ём фінансавай падтрымкі ЗША дасягнуў 700 мільёнаў долараў, значную ролю адыгрываюць і пастаўкі ўзбраення, у прыватнасці набыццё амерыканскіх супрацьтанкавых ракетных комплексаў «Джавелін».

Паводле словаў Зяленскага, дзеля сустрэчы з Доналдам Трампам ён «гатовы ляцець у Вашынгтон хоць заўтра», але пры ўмове, што будзе падпісаны пакет важных для Украіны пагадненняў.

«Сёння візіт Зяленскага ў Вашынгтон больш выгодны як раз Трампу. Большасць украінскіх экспертаў мяркуе, што Зяленскаму трэба ляцець у Вашынгтон толькі пасля выбараў у ЗША, і, калі пра нешта дамаўляцца, то ўжо з новаабраным прэзідэнтам», – мяркуе кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімір Фясенка.

Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка. Фота – inshe.tv

Паводле слоў эксперта, Зяленскі хоча, каб такі візіт быў не проста палітычнай акцыяй.

«Сустрэча ў Белым доме набывае больш вагі, калі падпісваюцца рэальныя дакументы аб супрацы. У першую чаргу, гэта датычыць вайсковай сферы. Таксама Зяленскі вельмі зацікаўлены ў тым, каб амерыканскія інвестары прыходзілі ва Украіну. Акрамя таго, могуць быць падпісаныя новыя дамоўленасці аб супрацы ў сферы энергетыкі і юстыцыі. Амерыканскі Мінюст ужо дапамагае ўкраінскім антыкарупцыйным органам», – адзначае Фясенка.

Аднак «праграма максімум» для Украіны, кажа эксперт, палягае ў падпісанні адмысловага дакументу, які замацаваў бы асаблівыя партнёрскія стасункі з ЗША, але там да такога кроку пакуль не гатовыя.

Абноўлена
Трампу пагражае імпічмент за гэтую фразу. Вось яна
2019.09.25 18:40

Паводле меркавання Фясенкі, Пампэа абраў першым пунктам у сваім «турнэ» менавіта Украіну, бо з ёй партнёрскія стасункі значна лепш развітыя, чым з Беларуссю.

«У выпадку з Беларуссю інтарэс ЗША звязаны з актывізацыяй інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, бо Расея для ЗША – традыцыйны геапалітычны канкурэнт, і яны хочуць маніторыць сітуацыю. Паколькі Лукашэнка ў апошнія гады сам праяўляе намер наладзіць больш канструктыўныя стасункі з краінамі Захадамі, ЗША хочуць гэтым скарыстацца і ўсю інфармацыю атрымліваць з першых рук», – сцвярджае Фясенка.

Акрамя таго, ЗША заклапочаныя праблемай кітайскага ўплыву ў СНД, у тым ліку ў Беларусі. «Выклікі з боку Кітая разглядаюцца ЗША як больш значныя, чым выклікі з боку Расеі», – дадае эксперт.

«Лукашэнку цікавіць канчатковая адмена санкцыяў»

Афіцыйна мэта візіту Пампэа ў Беларусь – «пацвердзіць жаданне нармалізаваць двухбаковыя стасункі». Чаму гаворка менавіта пра «нармалізацыю»?

Візітаў амерыканскіх палітыкаў такога высокага ўзроўню ў Беларусь не было 25 гадоў. З прыходам Лукашэнкі да ўлады дачыненні паміж дзвюма краінамі пачалі істотна пагаршацца праз узмацненне палітычных рэпрэсіяў унутры Беларусі.

Пасля выбараў у 2006 годзе, якія Захад прызнаў недэмакратычнымі, ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў (у тым ліку праз гандаль з Іракам). У 2015 годзе праз вызваленне палітвязняў іх адмянілі, але працягваюць дзейнічаць асабістыя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, чальцоў ягонай сям’і і асобаў, якіх падазраюць у датычнасці да знікненняў беларускіх палітыкаў. Гэтыя абмежавальныя меры штогод працягваюцца.

Hавiны
ЗША і Беларусь абмяркоўваюць аднаўленне дыпламатаў
2019.10.08 17:25

З 2007 году ні Вашынгтон у Менску, ні Менск у Вашынгтоне не маюць сваіх амбасадараў. Колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Беларусі была скарочаная з 35 да 5, але ў апошнія гады штат амбасады пашырыўся да дзесяці працаўнікоў і нарэшце летась Уладзімір Макей абвясціў адмену абмежавання на іхную колькасць. Таксама краіны пацвердзілі гатовасць вярнуць паслоў.

Летась візіт у Беларусь нанеслі экс-памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан і і намеснік дзяржсакратара па палітычных пытаннях Дэвід Хэйл.

Праблема адмены санкцыяў застаецца для беларускага рэжыму актуальнай, лічыць менскі палітолаг і журналіст Раман Якаўлеўскі.

Раман Якаўлеўскі. Фота Polskie Radio

«Лукашэнку цікавіць канчатковае зняццё санкцыяў. Але цэнтральнай тэмай, я думаю, усё ж будзе вяртанне паслоў. Пампэёў могуць прэзентаваць будучага амбасадара Беларусі ў Вашынгтоне. Паводле непацверджаных звестак, кажуць, гэта можа быць нават Макей», – кажа Якаўлеўскі.

Эксперт адзначае, што да таго, як заняць пасаду дзяржсакратара, Пампэёў працаваў дырэктарам ЦРУ: «Гэта значыць, што ён мае пэўны досвед, як зразумець цяжказразумелага суразмоўцу».

«Да таго ж, хаця Беларусь і актыўны чалец АДКБ, ЗША не выключаюць развіцця супрацы ў мілітарнай сферы. На карысць гэтага кажа той факт, што яшчэ да з’яўлення амбасадара ў Менску ўжо працуе афіцыйна акрэдытаваны амерыканскі вайсковы аташэ», – мяркуе суразмоўца belsat.eu

«Хаця візіт кароткатэрміновы, я не выключаю, што закрануць і стасункі Беларусі з Кітаем. Што ж датычыць Расеі, то Пампэёў заверыць кіраўніцтва Беларусі, што ЗША з’яўляюцца прыхільнікамі незалежнасці. Але не больш. Гэта, перадусім, будуць дэкларацыі», – дадае Якаўлеўскі.

***

Напярэдадні прыезду Майка Пампэа прадстаўнікі беларускай апазіцыі перадалі ў амбасаду ЗША зварот да дзяржсакратара з просьбай зрабіць правядзенне сумленных і свабодных выбараў у Беларусі ў 2020 годзе пытаннем нумар адзін падчас перамоваў з афіцыйнымі ўладамі.

Без гэтага, на думку апазіцыі, не будзе перадумоваў для зняцця амерыканскіх санкцыяў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў