Трампу пагражае імпічмент за гэтую фразу. Вось яна


24 верасня Кангрэс ЗША распачаў працэдуру імпічменту прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі мяркуюць, што падчас размовы з кіраўніком Украіны Уладзімірам Зяленскім, Трамп злоўжываў сваймі паўнамоцтвамі.

25 верасня Доналд Трамп падпісаў указ аб рассакрэчванні стэнаграмы ягонай размовы з Зяленскім. Гэтага патрабавала Дэмакратычная партыя.

Гаворка ідзе пра просьбу кіраўніка ЗША распачаць расследаванне па карупцыйнай справе ў дачыненні да сына былога віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, які можа стаць супернікам Трампа на будучых прэзідэнцкіх выбарах.

«Ходзяць чуткі пра сына Байдэна, што Байдэн спыніў расследаванне, і шмат хто хоча даведацца больш пра гэта, – сказаў Трамп ў размове з Зяленскім. – Таму, калі б вы маглі распачаць нешта разам з генеральным пракурорам [ЗША], было б выдатна».

У размове з Трампам кіраўнік Украіны паабяцаў, што справай зоймецца новы генпракурор Украіны. Таксама ўкраінскі лідар назваў Трампа «вялікім настаўнікам».

«Мы прыцягнулі новых людзей. Не старых палітыкаў, не тыповых палітыкаў, паколькі мы хочам стварыць урад новага фармату, новага тыпу. І ў гэтым Вы для нас вялікі настаўнік», – сказаў Зяленскі.

 

Ідэю аб’явіць імпічмент Доналду Трампу падтрымала Гілары Клінтан, якая прайграла дзейнаму кіраўніку ЗША падчас прэзідэнцкай гонкі ў 2016 годзе. Дарэчы, ейны муж Біл Клінтан быў адным з трох амерыканскіх прэзідэнтаў, якія прайшлі праз імпічмент.

Імпічменты ў гісторыі ЗША

Два прэзідэнты былі прадстаўленыя да імпічменту Палатай прадстаўнікоў, але былі апраўданыя Сенатам, дзе абвінавачванне не набрала неабходныя 2/3 галасоў: Эндру Джонсан у 1868-м (справа аб незаконнай адстаўцы вайсковага міністра) і Біл Клінтан у 1998-1999 гг. (справа аб перашкодзе правасуддзю і хлусні – гісторыя сексуальнага скандалу з Монікай Левінскі). У 1974 прэзідэнт Рычард Ніксан, таксама прадстаўлены да імпічменту па справе Ўотэргейту, сышоў у адстаўку, перш чымся пытанне было разгледжанае Сенатам.

Цяпер імпічмент Трампа малаверагодны, бо большасць у Сенаце маюць рэспубліканцы.

Аб’ектыў
Палата прадстаўнікоў ЗША распачала працэдуру імпічменту Доналда Трампа
2019.09.25 21:50

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў