«Вярба б'е – не забʼе, за тыдзень – Вялікдзень». Каталікі адзначаюць Вербніцу


Традыцыйна за тыдзень перад Вялікаднем вернікі нясуць у святыні ўпрыгожаныя галінкі вярбы. А самыя ўнікальныя з іх вырабляюцца ў Горадні. Belsat.eu вырушыў на пошук знакамітых «гарадзенскіх пальмаў».

Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У Пальмавую або Вербную нядзелю з самага ранку людзі ідуць на малітву, несучы ў руках упрыгожаныя галінкі.

Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Каля кожнага з касцёлаў квітнее вербны гандаль. Дзясяткі жанчын прадаюць яскравыя каляровыя «пальмачкі» на любы густ.

Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Але нас цікавяць менавіта «гарадзенскія вербы», залічаныя да спісу нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Іх вырабляюць чатыры сястры Сарасек: Дамініка, Чэслава, Ванда і Данута.

Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Для рамесніц гэта важны дзень, да якога яны рыхтуюцца ўвесь год, назапашваючы вялікую колькасць упрыгожаных галінак.

Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Першай мы сустрэлі Дамініку Дамінікаўну, якая і заахвоціла сваіх сясцёр заняцца рамяством. Жанчыну мы ўбачылі пад Францішканскім касцёлам сярод іншых гандляроў.

Гарадзенскія вербы сясцёр Сарасек. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Наша сям’я была без фанатызму, але рэлігійная. Бацька меў залатыя рукі. Абутак шыў, усё мог рабіць. І мама, як кажуць, як да танца, так і да ражанца. Разам з мамай мы гэтыя вербачкі рабілі, дапамагалі ёй, а потым неслі свянціць. Памятаю, як баяліся прайсці, бо пад касцёлам ужо хлопцы напагатоў стаялі, каб адлупцаваць. Вярба бʼе, не забʼе, за тыдзень – Вялікдзень», – распавядае жанчына.

Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У часы атэізму і ажно да самай перабудовы вербачкі рабілі таемна, паколькі наведваць касцёл забаранялася.

Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Страшныя часы былі. Забаронена ўсё было. Толькі ўжо пасля, пры Гарбачове, стала магчымым нармальна ў касцёл хадзіць. І тады я заўважыла, што нашыя вербачкі крыху прыгажэйшыя за астатнія і вырашыла, што варта рабіць на продаж. Мы ж ужо лічыліся не спекулянтамі, а рамеснікамі. Так і пачалося. З часам удасканалілі майстэрства. Пачалі самі траўкі вырошчваць. Што ў лесе або на полі збіраем. Тут пшаніца, жыта, авёс, сухавейкі, цімафееўка і ўрочнік, якім некалі жанчыны абкурвалі дзяцей ад пярэпалаху», – тлумачыць Дамініка Дамінікаўна.

Гарадзенскія вербы сясцёр Сарасек. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Аднак галоўным атрыбутам кожнай пальмы, у адрозненні ад Віленскіх вербаў, зʼяўляюцца тры галінкі вярбы – сімвал Святой Тройцы.

Дамініка Сарасек, гарадзенская рамесніца, адна з чатырох сясцёр, якія вырабляюць «гарадзенскія вербы». Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Тут ёсць вербачка – плён маёй фантазіі. Галінкі – дарога да Бога. Сэрца з травак – Любоў да Бога, да бліжняга і самога сябе. Тры колеры святлафора: на чырвоным – спыняемся, на жоўтым – думаем, а на зялёным – крочым. Крочым куды? Шукаць сэнс жыцця – восьмы колер вясёлкі. Гэтую вербачку я хачу вам падараваць, каб вы задумаліся, што гэта не проста сімвал рэлігіі, але і таго, што трэба рабіць дабро. Дзеля гэтага павінен жыць чалавек», – з сардэчнай усмешкай працягвае прыгожую вербачку жанчына.

Дамініка Сарасек, гарадзенская рамесніца, адна з чатырох сясцёр, якія вырабляюць «гарадзенскія вербы». Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Ставілі вербачку на вакне, каб бараніла ад грымотаў»

Другую з сясцёр Сарасек, Чэславу, мы знайшлі пад Фарным касцёлам на Савецкай плошчы.

Чэслава Сарасек – рамесніца, якая вырабляе знакамітыя «гарадзенскія пальмы». Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Вярба – адно з першых дрэваў, якое распускаецца вясной. Асвечанай вербачкай мы і хату абносім, молімся, потым на вакно ставім, каб бараніла ад грымотаў. Так яшчэ нашая маці рабіла. Але трэба верыць, бо без веры сама па сабе вярба моцы не мае. Гэта проста сімвал. Таксама мы калісьці вербачку за абраз клалі. Захоўвалі цягам году, а потым на Папяльцовую сераду неслі ў касцёл. Ксёндз спальваў, а потым гэтым попелам галовы пасыпаў. Мы жылі пад Горадняй у вёсцы Вялікая капліца, якой ужо няма. Там сёння Азот», – кажа Чэслава Дамінікаўна.

Чэслава Сарасек – рамесніца, якая вырабляе знакамітыя «гарадзенскія пальмы». Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У гэтым годзе нам давялося пазнаёміцца толькі з дзвюма з сясцёр Сарасек. Па словах жанчыны, трэцяя сястра сёння гандлюе пад касцёлам у Вішняўцы, а чацвёртая засталася дома.

Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У Пальмавую нядзелю хрысціянскія вернікі ўспамінаюць уваход Хрыста ў Ерусалім і згодна з традыцыяй ідуць па горадзе вулічнай працэсіяй.

Гарадзенскія вербы сясцёр Сарасек. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Вербніца для каталікоў – вельмі важнае свята, а вярба – першы перадвелікодны сімвал уваскрэсення і вечнасці душы чалавека.

Каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў/belsat.eu

Стужка навінаў