Віктар Бабарыка пра адзіную валюту: «Калі гэта эканамічна мэтазгодна, то чаму б і не»


Экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку», патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка распавёў у інтэрв’ю расейскаму выданню «Московский комсомолец» пра тое, як ён ставіцца да адзінай валюты з РФ і якой будзе пазіцыя Беларусі па Крыму і Данбасу ў выпадку ягонай перамогі на выбарах.

Журналіст расейскай газеты запытаў у Бабарыкі, як ён ставіцца да ідэі ўвесці адзіную валюты ў Саюзнай дзяржаве.

«Калі гэта эканамічна мэтазгодна, то чаму б і не. У гэтым сэнсе добры прыклад – манетарная палітыка Еўразвяза з еўра. Я ўвогуле лічу, што мультывалютнасць – гэта эканамічна неэфектыўная гісторыя. У агляднай перспектыве колькасць валютаў будзе змяншацца», – заявіў патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі.

Hавiны
Лукашэнка заявіў, што не супраць адзінай валюты з Расеяй, але яна мусіць быць нейтральнай
2020.04.02 13:21

Расейскае выданне таксама пацікавіліся, ці прызнае Беларусь незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а таксама далучэнне Крыму да Расеі ў выпадку ягонага абрання прэзідэнтам.

«У Беларусі дзейнічае наступны прынцып. Ёсць частка заканадаўчых актаў, дзе пераважаюць міжнародныя законы, і ёсць іншая частка, дзе прыярытэтна лакальнае заканадаўства. Я не ўпэўнены, што пазіцыя Беларусі ў гэтым пытанні вызначаецца выключна мясцовым заканадаўствам. Хутчэй за ўсё, яна павінна ўлічваць міжнароднае заканадаўства. З гэтым пытаннем трэба разбірацца. У мяне на гэтае пытанне цяпер няма адказу, таму што я не валодаю поўнай інфармацыяй. Акрамя ўзаемаадносінаў з РФ, Беларусь звязана велізарнай колькасцю міжнародных пагадненняў, у тым ліку ў рамках АДКБ. То бок трэба мець поўную карціну, каб вырашыць, якая пазіцыя правільная», – падкрэсліў Бабарыка.

«МК» задаў пытанне і наконт вайны на Данбасе:

«Адказ аналагічны. Трэба вывучаць міжнароднае права і яго дзеянне ў нашай рэспубліцы. Але я за Беларусь у якасці прыміраючага боку ў любым канфлікце, у якім мы можам дапамагчы знайсці кампраміснае рашэнне», – заявіў ён.

КА belsat.eu

Стужка навінаў