Лукашэнка заявіў, што не супраць адзінай валюты з Расеяй, але яна мусіць быць нейтральнай


Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка дае інтэрв’ю прадстаўніцтву тэлерадыёкампаніі «Мир» у Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Адказваючы на ​​пытанне, як ён бачыць развіццё Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«У нас ёсць дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Ні ад аднаго пункта гэтай дамовы мы не адмаўляемся. Нават возьмем самы сурʼёзны, які сёння абмяркоўваецца. Дапусцім, адзіная валюта. Мы не супраць адзінай валюты, але толькі гэта павінна быць нейтральная валюта. Гэта не беларускі рубель, не расейскі».

«І нават я калісьці казаў: ладна, не пытанне, які гэта будзе рубель. Пытанне ў тым, дзе будзе эмісійны цэнтр. І нават не дзе, а хто будзе кіраваць эмісійным цэнтрам. Гэта будзе на роўных або, паколькі Расея вялікая, яна будзе кіраваць сваім рублём, а мы свой ліквідуем і да іх далучымся? – растлумачыў сваю пазіцыю Лукашэнка. – мы гэта ўжо праходзілі ў першыя гады пасля распаду Савецкага Саюза. Калі нас проста выкінулі з рублёвай зоны. І, у рэшце рэштаў, мы засталіся з савецкімі рублямі, яны (Расея. – заўв.) увялі расейскі рубель, а мы потым малявалі «зайчыкі». Я не хачу гэта паўтараць. Гэта па-першае. А па-другое, дзе ж тут тады будзе наш суверэнітэт?»

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што беларускі бок ні ад чаго не адмаўляецца, і нагадаў, што дамова прадугледжвала стварэнне роўных умоваў для грамадзянаў, прадпрыемстваў і дзвюх дзяржаў у цэлым.

«Калі Расея сёння, адмовіўшыся ад гэтых імперскіх памкненняў (мы – вялікія, а вы – малыя), гатовая на гэта, давайце весці перамовы, давайце будзем вызначацца», – сказаў Лукашэнка.

Hавiны
Сямашка: дарожныя мапы па інтэграцыі Беларусі і Расеі прыйдзецца актуалізаваць
2020.04.02 10:38

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў