«Вельмі было страшна». Качанава распавяла пра ўражанні ад балю Лукашэнкі


Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава ў інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ распавяла пра свае ўражанні ад балю, дзеля якога Аляксандр Лукашэнка змусіў яе змяніць нагавіцы на сукенку.

«Для мяне гэта было спачатку сур’ёзным выпрабаваннем, бо гэта не мой стыль адзення – сукенка ў падлогу. Хоць танчыць я хацела заўсёды. Гэта нават была мая мара, якую я хачу рэалізаваць яшчэ ў перспектыве», – адзначыла Наталля Качанава.

Hавiны
«Сімпатычная, худзенькая чыноўніца». Феміністак абурылі заявы Лукашэнкі
2019.03.02 09:47

Паводле яе, ёй спачатку «вельмі было страшна», бо «няўтульна адчуваеш сябе ў іншай форме, іншай вопратцы».

Але ж, падкрэсліла кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта, баль стаў самай яскравай і запамінальнай падзеяй у яе жыцці.

Качанава: кіруючыя кадры будуць амалоджвацца і разбаўляцца жанчынамі

Таксама Наталля Качанава заявіла пра неабходнасць удасканальваць працу па амаладжэнні чынавенскага складу.

«У нас ёсць Акадэмія кіравання пры прэзідэнце, дзе сёння перагледжаны праграмы. Акрамя таго, у нас ёсць кадравыя рэзервы, якія сфармаваны, і кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы перш за ўсё, у якім увесь час ідзе абнаўленне. Мы глядзім, падбіраем кадры», – адзначыла яна.

Акрамя таго, паводле яе, існуе адмысловы рэзерв з больш чым 70-і чалавек, якія абралі дзяржаўную службу, некаторыя з якіх ужо былі прызначаныя на даволі высокія пасады ў краіне.

Hавiны
Наталля Качанава хоча амаладзіць Адміністрацыю кіраўніка Беларусі
2018.11.09 10:08

 

Гэтак, Наталля Качанава падкрэсліла, з старшыняў райгарвыканкамаў, якія былі прызначаныя ў 2018-2019 гадах, большасць – гэта маладыя людзі. І такая тэндэнцыя, сказала яна, будзе працягнутая.

Таксама кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта дадала, што сярод чыноўнікаў усё больш будзе з’яўляцца жанчын, бо «жанчына ўжо не хоча сядзець дома і проста займацца гаспадарчымі справамі». Напрыклад, у Гомельскай вобласці ўжо чатыры жанчыны працуюць кіраўнікамі раёнаў.

МГ / belsat.eu

Стужка навінаў