«Сімпатычная, худзенькая чыноўніца». Феміністак абурылі заявы Лукашэнкі


Аляксандр Лукашэнка падчас «Вялікай размовы» 1 сакавіка даў шмат парадаў жанчынам. Распавядаем, што з імі ня так.

Лукашэнка падчас «Вялікай размовы» пажадаў беларускім жанчынам нараджаць больш дзяцей, хоць і заявіў, што ў краіне ёсць праблемы з мужчынамі: «Жанчыны нараджаць не хочуць, мужыкоў няма, ад якіх нараджаць».

«Калі б жанчыны нараджалі па трое дзяцей, гэта было б шчасце для краіны. Без гэтага быць трагедыі», – падкрэсліў ён.

Hавiны
«Пазабіваць усіх за суверэнітэт – не мая пазіцыя». Прэс-канферэнцыя Лукашэнкі
2019.03.01 08:26

Увогуле жаночая тэматыка скразіла праз усю канферэнцыю. Гэтак, Аляксандр Лукашэнка распавёў, як прымушаў чыноўніц, у прыватнасці кіраўніцу сваёй Адміністрацыі Наталлю Качанаву, здымаць «свае штаны дзелавыя» і апранаць «даўгія сукенкі», каб танчыць на балі.

«Ну, кажу, зараз будзеш з Румасам танчыць. Ну яны і пачалі трэніравацца з Румасам. Потым я думаю, чаму з Румасам? Качанава сімпатычная, худзенькая, у адрозненне ад многіх нашых жанчын-чыноўніц, хай з вайскоўцам, а Румас – з сімпатычнай дзяўчынкай», – адзначыў прэзідэнт.

Своеасаблівае стаўленне ў кіраўніка дзяржавы праяўляецца не ўпершыню. 31 жніўня 2018 года, прымаючы кадравыя рашэнні, ён адзначыў, што пакуль у Беларусі мала жанчын, якія кіруюць раёнамі.

«У нас гэта адзінкі. Не таму, што я не давяраю жанчынам (я як раз больш, чым мужыкам давяраю). Але мне шкада жанчыну, калі яна на плечы кладзе такую ношу, – заявіў Лукашэнка. – Таму хацелася б, каб вы да гэтага былі гатовыя. Але попыт жа аднолькавы будзе з усіх. Патрэбны вынік».

А да жанчын, якія ўзначальваюць дзяржавы, прэзідэнт увогуле ставіўся як да нейкага дзівацтва. Напрыклад, калі прэзідэнцкія выбары ў Грузіі летась выйграла Салёмэ Зурабішвілі, ён заявіў: «Прэзідэнтам упершыню выбрана жанчына ў Грузіі, ды і на постсавецкай прасторы, і гэта, можа быць, добры вопыт, паглядзім. І Беларусь, наша грамадства будуць уважліва прыглядацца да вашага досведу».

Каментуючы карэспандэнту Belsat.eu заявы Лукашэнкі, феміністка Наста Захарэвіч заявіла, што ён «абсалютна не ўмее, не хоча і не лічыць патрэбным фільтраваць тое, што дапушчальна ў сяброўскіх размовах, і тое, што абсалютна недапушчальна як выказванне публічнай асобы, тым публічнай асобы такога кшталту як прэзідэнт, у афіцыйным публічным выказванні». На яе думку, жанчыны ў такой сітуацыі выступаюць як прафесіяналкі сваёй справы і публічныя асобы.

«Гэта не сяброўская сустрэча, дзе можна абмяркоўваць, каму што апранаць і каму як танцаваць», – сказала суразмоўца.

Разам з тым, дадала Наста Захарэвіч, такія выказванні «абсалютна ў стылі» Лукашэнкі, «таму здзіўляцца няма чаму, але абурацца ёсць чаму». Тое ж самае тычацца і прыгажосці ці не прыгажосці.

«Яна (публічная жанчына. – Belsat.eu) мусіць ацэньвацца па сваіх справах, па прафесійных якасцях, а не па тым, наколькі ў яе прыгожыя вочы, вусны, вопратка ці нешта яшчэ», – падсумавала яна.

Але, мяркуе суразмоўца, падобны традыцыйны дыскурс, калі жанчын ацэньваюць па нейкіх характарыстыках, якім жанчынам мусіць адпавядаць у датычна прыгажосці ці нараджэння дзяцей, будзе і надалей заставацца ў беларускай публічнай прасторы, бо нагодаў для знікнення такіх выказванняў яна не бачыць.

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў