Вайна ў Крамлі, Лукашэнка і вайсковыя базы. Інтэрв’ю з Паўлам Фельгенгаўэрам


Кіраўніцтва Расеі не хоча варушыць Лукашэнку, бо ёсць больш сур’ёзныя праблемы. Якая вайна адбываецца ў Крамлі і як яна ўплывае на Беларусь, а таксама пра тое, ці патрэбная насамрэч Пуціну вайсковая база ў Беларусі? Інтэрв’ю з Паўлам Фельгенгаўэрам, вайсковым аглядальнікам расейскай «Новой газеты» і аналітыкам амерыканскага Джэймзтаўнскага фонду.

Пытанне пра расейскую вайсковую прысутнасць у Беларусі: на вашую думку, што трэба Крамлю?

Пакуль асаблівай прысутнасці няма, і быццам бы яна пакуль не патрэбная. Але калі сітуацыя будзе развівацца, калі сапраўды ў Польшчы з’явяцца дадатковыя сілы – гэты форт «Трамп», цэлая амерыканская дывізія… Цяпер пакуль на Бузе, на мяжы паміж Літвой і Польшчай, нічога няма. Але там, паблізу мяжы, палякі хочуць разгарнуць дывізію, якой раней не было. Польскую армію скарацілі. Раней, у перыяд халоднай вайны, яна была арыентаваная на Захад. Цяпер яна – у розных месцах. Але калі палякі пачнуць канцэнтраваць свае ўзброеныя сілы паблізу мяжы, недалёка ад «cувальскага калідору», Расея таксама захоча там канцэнтраваць свае сілы. Тады, магчыма, дастаткова сурʼёзна ўстае пытанне пра размяшчэнне расейскіх войскаў на межах Беларусі ды Польшчы. Ці трэба будзе ўгаворваць Лукашэнку? Пагодзіцца ён ці не або захоча нейкую вельмі высокую цану? Ці згодная будзе Расея гэтую цану плаціць?.. Бо калі гэта і будзе, то не бясплатна.

Палякі ўжо вызначылі, што 4-я дывізія будзе адноўленая, хутчэй за ўсё, з наяўных сілаў, плюс дададуць новыя часткі. Што датычыць амерыканскай базы ў Польшчы, гэтага пытання яшчэ не развязалі, і ўсе спрачаюцца пра тое, прынялі ўжо рашэнне ці гэта толькі дэталі.

Няма, рашэння яшчэ не прынялі. Патрэбная згода Кангрэсу, бо фінансаваць трэба з бюджэту. Усё залежыць ад вынікаў выбараў у Амерыцы. У прынцыпе, што датычыць расейскай пагрозы – там усе згодныя, ёсць двухпартыйная згода. Але розныя нюансы адносна сталага размяшчэння цяпер складана зразумець. Акрамя таго, фармальна гэта выведзе ў нуль гэтак званую хартыю Расея – NATO (Асноўны акт аб узаемных адносінах, супрацы і бяспекі паміж Расейскай Федэрацыяй і Арганізацыяй паўночнаатлантычнай дамовы. – заўв. «Белсату»)

Вы лічыце, што база ліквідуе гэты Акт?

Цяпер яго фармальна абыходзяць тым, што яны нібыта часова на ратацыі, а ў рэчаіснасці ратацыя ідзе сталая, гэта значыць, па сутнасці гэта сталыя сілы. Дух Акту ўжо парушаны, хоць літара, імаверна, і не.

У Польшчы сцвярджаюць, што гаворка ідзе пра двухбаковую, білатэральную дамову размяшчэння амерыканскіх сілаў, і праз гэта не парушаецца Акт Расея – NATO. Што вы пра гэта думаеце?

У прынцыпе, так, двухбакова можна размясціць. Наагул акт Расея – NATO не ратыфікаваны, ён не нясе істотнай юрыдычнай нагрузкі. Але нават калі б і быў ратыфікаваны, любая суверэнная краіна можа любы дагавор дэнансаваць. Гэтым вызначаецца суверэнітэт. Але па сутнасці – так, ён [форт] будзе парушаць, бо Акт падпісалі ўсе амерыканцы, у тым ліку што яны не будуць размяшчаць [войскаў] ва Усходняй Еўропе на сталай аснове. Так што Акт фармальна будзе парушаны.

У цяперашніх умовах гэта, магчыма, не так і важна, але, з іншага боку, гэта будзе яшчэ адзін піяр, аргумент для расейскай прапаганды, якая і так дзякуючы ракетам малой і сярэдняй далёкасці атрымала бонус. Яго можна выкарыстоўваць для піяр-ціску на Еўропу ў спробе аслабіць трансатлантычныя сувязі, што было даўняю мэтаю нашай дыпламатыі, палітыкі: адцягнуць Еўропу ад Амерыкі.

Лукашэнку цягам апошніх некалькі гадоў удаецца ці то супраціўляцца, ці то цягнуць час у сувязі з патэнцыйным размяшчэннем расейскай вайсковай базы ў Беларусі. У пэўны момант Беларусь пастанавіла купіць 12 самалётаў СУ-30СМ, але цяпер гэта справа прабуксоўвае. Самалёты дарагія, гэта $ 600 млн. Калі гэта не будзе крэдыт або нейкая іншая форма ад Расеі, Беларусі не пацягнуць, практычна ўвесь вайсковы бюджэт Беларусі – каля $ 700 млн. Як вы лічыце, што робіць Лукашэнка: проста цягне час, спадзеючыся на нешта, або ў чым ягоная мэта адносна гэтай авіябазы або нейкай іншай формы расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі?

Не мне вучыць Лукашэнку балансаваць паміж Усходам і Захадам. Ён каго хочаш сам навучыць гэта рабіць, у гэтым ён малайчына. Я не псіхааналітык, каб трактаваць думкі ў ягонай галаве. Ён балансуе, пакуль гэта працуе.

Залазіць у пуцінскі абоз ён відавочна не хоча, каб была свабода ўзаемадзеяння і з Захадам адначасова. З іншага боку, ад кааперацыі з Расеяй таксама нікуды не падзенешся. Таму гэтае балансаванне будзе працягвацца.

На маю думку, калі Маскве вельмі спатрэбіцца, калі яна вырашыць, што гэта неабходна і патрэбная не столькі авіябаза, колькі трэба пачынаць выбудоўваць нейкія сілы на мяжы, на беларускай тэрыторыі, то, напэўна, Лукашэнку, урэшце прыгнуць.

На вашую думку, такога рашэння ўсцяж няма?

Пакуль у гэтым няма патрэбы, бо ўсе разумеюць, што Лукашэнка танна не аддасць, і лепш гэтага па магчымасці пазбегчы. Там могуць быць усялякія спрэчкі, галоўнае – кошт будзе высокі. Але калі наш Генштаб скажа, што пазарэз трэба, то, напэўна, так трэба будзе зрабіць.

Цяпер усе ў Беларусі, у Расеі крыху менш, ва Украіне таксама, любяць гэтую тэму – абмяркоўваюць гэтак званы крымскі ці данбаскі сцэнар анексіі Беларусі Расеяй. Адны палохаюць ім, іншыя высмейваюць. Вы лічыце, гэта сур’ёзна? Наколькі рэальны такі варыянт развіцця падзеяў? Ад чаго ён наагул залежыць?

Калі ў Беларусі пачнуцца нейкія ўнутраныя праблемы, змена рэжыму і з’яўленне нейкай рэфарматарскай улады, якая захоча развярнуць Беларусь у бок Захаду, што адбылося цяпер у Арменіі, – калі нешта такое адбудзецца і ў Беларусі, расейскае ўмяшанне амаль непазбежнае.

Калі будзе доўжыцца, як цяпер, то ўмешвацца не будуць. Пакуль ліха спіць – і добра. У Расеі цяпер проста няма лішніх рэсурсаў. Нам з Украінаю спачатку разабрацца трэба, з Арменіяй таксама незразумела што.

Пашыньян абяцае, што геапалітычнага развароту не будзе.

У Маскве да Пашыньяна ставяцца з вялікаю доляй недаверу. Таму, як кажуць, не да Беларусі. Пакуль Лукашэнка вядзе гэтую палітыку балансавання, яму гэта дазваляюць.

На вашую думку, што можа распачаць прэзідэнт Расеі ў сферы бяспекі дзеля таго, каб павысіць свой рэйтынг? Мы ведаем падобныя прыклады.

Яму рэйтынг не патрэбны. Навошта? Народ у Расеі нічога не вызначае.

Напрыклад, дзеля таго, каб не прыкладаць вялікіх намаганняў для фальсіфікацыі наступных выбараў.

Да наступных выбараў далёка. Думаю, цяпер гэта нікога асабліва не хвалюе. Ёсць пэўныя асобы, якія за гэта адказваюць. Праходзяць апытанні, Пуцін іх глядзіць, але разумее, што ўсё гэта не вельмі важна, бо ў нас не дэмакратыя, і народ мала што вызначае наагул. У яго ёсць іншыя праблемы, бо сітуацыя такая, што ягонае ўласнае асяроддзе расколатае ўмоўна на «партыю вайны» і «партыю міру» – групоўкі, у якіх у прынцыпе, несумяшчальныя ўяўленні пра тое, куды далей весці Расею. Ёсць ліберальна-рынкавая частка ўраду, адміністрацыя – Сіланаў, Кудрын, Набіуліна, Белаусаў, якія лічаць, што трэба з Захадам мірыцца, вайсковыя выдаткі рэзка скарачаць, а інакш не будзе гаспадарчага развіцця, і ўсё накрыецца медным тазам.

Ёсць «партыя вайны» – гэта МЗС і Генштаб, Міністэрства абароны і ВПК, якія кажуць: нам больш грошай, Захад агрэсіўна на нас наязджае. Ідзе даволі сур’ёзная барацьба. Пуцін працуе арбітрам паміж імі і не дае ні адной, ні другой партыі перамагчы, у розных выпадках пагаджаецца і з тымі, і з іншымі. Нядаўна публічна ён пахваліў Кудрына, маўляў, малайчына. А Кудрын кажа, што замежную палітыку трэба ацэньваць тым, вялікія санкцыі ці малыя, выразна падкрэсліваючы, што цяперашняя замежная палітыка нікчэмная. Добрая навіна, што «партыя вайны» вайны наагул не хоча. Вялікай вайны не хоча. Але падтрымліваць напружанне, балансаваць на мяжы будзе, бо калі будзе нейкае паслабленне напружання з Захадам, ім абрэжуць адразу вайсковыя выдаткі, і наагул усё будзе дрэнна.

Менавіта з гэтага вырастае сталае напружанне з Захадам. Гэта вынік унутрыпалітычнай барацьбы. І гэта сапраўды сурʼёзна, у адрозненне ад меркавання народу, якое нічога не вызначае. Гэта асобы, якія вызначаюць: першы віцэ-прэмʼер, міністр фінансаў – яны шмат што вызначаюць, і Кудрын шмат што вызначае, хоць ён там толькі фармальна ў рангу першага віцэ-прэмʼера ў сваёй Палаце.

Але, па-першае, ён там цяпер відавочна праяўляе вялікую актыўнасць. Пуціну гэта ўсё дакладваюць, Пуцін яго слухае, бо ён яго паважае як адмыслоўцу. Есць Набіуліна, ёсць Белаусаў – памочнік у эканамічных пытаннях. Гэта значыць, там сапраўды ідзе сапраўдная, вельмі сурʼёзная барацьба, я б сказаў нават вайна ўнутры расейскага кіраўніцтва. І гэта больш важна за вынікі грамадскай думкі.

Як у Маскве глядзяць на тое, што Лукашэнка сустракаецца з Парашэнкам, ды і не толькі сустракаецца?

Трываюць.

Трываюць, так? Не толькі ж яны сустракаюцца, яшчэ ёсць шэраг заяваў Лукашэнкі, звязаных з Крымам, з Данбасам, не да канца прызнаныя дзеянні Расеі, напалову схаваныя пастаўкі паліва ва Украіну, нейкіх частак тэхнікі, што маюць падвойнае выкарыстанне нават у канфлікце на Данбасе.

Трываюць.

Чаму трываюць? Не могуць нічога з гэтым зрабіць?

У гэтым выпадку, не хочуць варушыць, бо ёсць больш істотныя праблемы з той жа Украінай, цяпер яшчэ з Арменіяй, з Амерыкай – не да Лукашэнкі. Ён можа гэтак паводзіцца, яму дазволена.

Інтэрв’ю запісалі на Варшаўскім форму бяспекі і паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Стужка навінаў