Вайна Расеі з Турцыяй: І Эрдаган, і Пуцін хочуць пераключыць увагу грамадзянаў на вонкавыя праблемы


За апошнія некалькі дзён расейскія медыі выпусцілі масу матэрыялаў пра непазбежнасць вайны паміж Расеяй і Турцыяй, журналісты, палітолагі і гісторыкі падвышаюць градус рэзкімі заявамі. Наколькі вялікая імавернасць вайны паміж гэтымі краінамі, belsat.eu спрабуе зразумець разам з вайсковым экспертам Аляксандрам Алесіным.

«Цяпер Расея не настолькі моцная, каб пачаць вайну супраць НАТА»

– Кажуць, Расея знаходзіцца ледзь не ў пяці хвілінах ад вайны з Турцыяй.

– Гэтыя размовы, перш за ўсё, маюць унутрыпалітычныя прычыны, звязаныя з эканамічнымі цяжкасцямі. Для таго, каб узмацняць адзінства народа вакол правадыра, такія чуткі ўсяляк падаграваюцца. Вайна з Турцыяй немагчымая паводле тае прычыны, што Расея аўтаматычна ўступіць у вайну з усім блокам НАТО. Зараз Расея не настолькі моцная ды ўпэўненая ў сваіх сілах, каб пачаць вайну супраць блоку, які пераўзыходзіць яе ў сілах, у некаторых выпадках, у дзясяткі разоў.

– Гэта значыць, сітуацыя застаецца на ўзроўні спекуляцыяў журналістаў, і ў вышэйшых колах улады ніякіх размоваў няма?

– Працуе інфармацыйны пуцінскі спецназа. Афіцыйна яны не могуць укінуць гэтага здохлага інфармацыйнага пацука, але цішком працуюць адмыслова нанятыя людзі, якія нагнятаюць сітуацыю: каб адцягнуць людзей ад затрымак выплатаў заробкаў, ад браку імпартных харчоў і тавараў. Яны граюць на словах «Толькі б не было вайны».

– Кажуць, што ўсё можа здарыцца з-за магчымага ўварвання Турцыі ў Сірыю.

– Калі і будуць у гэтым выпадку нейкія сутыкненні расейскіх і туркаў, то гэта будзе адбывацца ўскосным шляхам. Можа быць, будуць нейкія асобныя вайсковыя кампаніі з Расеі. Сітуацыя можа быць падобная на данбаскую. Тым больш, ужо кажуць пра тое, што добраахвотнікі з Данбасу ўжо прысутнічаюць у Сірыі. Магчыма, расейскія лётчыкі будуць лётаць на, нібыта, сірыйскіх самалётах. Але на прамое сутыкненне з Турцыяй Расея не пойдзе. Хоць у Сірыю кінутыя вайсковыя «вяршкі» – найбольш высакакласныя лятакі, – асноўная маса летакоў расейскіх ВПС пакідае жадаць лепшага.

– Чые лятакі, тэарэтычна, былі б мацней?

– Наагул, калі ўзяць найноўшыя расейскія мадэлі, то, вядома, яны па далёкасці выяўлення радараў і дальнабойнасці бартавых ракет вельмі пераўзыходзяць турэцкія. Кожны Су-35СМ можа знішчыць некалькі турэцкіх знішчальнікаў – і не будзе знішчаны сам. Што тычыцца старых знішчальнікаў МіГ-29, то яны, вядома, турэцкім F-16 саступаюць.

– Ні Эрдаган, ні Пуцін не шукаюць ваенных сутыкненняў адзін з адным?

– Эрдаган знаходзіцца ў цяжкім становішчы: у яго вельмі шмат палітычных праціўнікаў, якія педалююць канфлікты з курдамі і з Расеяй. Безумоўна, у сувязі з крызісам турыстычнага бізнесу эканамічная сітуацыя ў Турцыі пагоршыцца. Як і Пуцін, ён зацікаўлены ў пераключэнні ўвагі грамадзянаў на вонкавыя праблемы. Але сурʼёзнаваяваць ён з Расеяй не будзе перш за ўсё таму, што ў Расеі – вялізная перавага ў ракетнай зброі. Нават калі НАТА заступіцца, Еўропа наўрад ці ахвотна будзе ваяваць за Турцыю.

У што гуляе Эрдаган?

– А сама Турцыя не збіраецца паўнавартасна ўварвацца ў Сірыю?

– Думаю, не. Таму што старшыня кааліцыі, Амерыка, заявіла, што Турцыя не мае на гэта санкцыяў.

– Атрымліваецца цікавая сітуацыя: і Пуціну, і Эрдагану выгодна адцягнуць увагу грамадзянаў. Што мы з гэтага можам атрымаць?

– Расея хоча ў кароткія тэрміны (хаця бы да выбараў у Дзярждуму), каб сірыйская армія атрымала вырашальную перавагу і больш не мела патрэбы ў адкрытай падтрымцы Расеі, ды зачыніла мяжу з Турцыяй. А Турцыя хоча адваротнага: толькі з адкрытай мяжой яна можа ўскосна ўдзельнічаць у канфлікце ды не ўключацца ў яго сама.

«Еўропу туркі ўжо раздражняюць: еўрапейцы разумеюць, што плынь ўцекачоў, шмат у чым, арганізавала Турцыя. Там існуе цэлая індустрыя, і шматлікія групы мафіёзнага характару ўдзельнічаюць у працэсе. Наўпрост гучаць тэзісы, што Турцыя пастаўляе бежанцаў у Еўропу з досыць вялікім для сябе прыбыткам. Гэта яе тавар. Улічваючы, што Еўропа адмовілася інтэграваць Турцыю ў ЕС, можна меркаваць, што Эрдаган зладзіў Еўропе публічную лупцоўку, застаючыся пры гэтым у ценю. Эрдаган зацікаўлены ў цяжкасцях Еўропы. І глядзіце – Еўропа яму ўжо абяцае 3 млрд. еўраў, нават, магчыма, 5 або больш».

– Ці не перабольшыць з такой гульнёй?

– Усе кажуць, што шмат у чым ён паступае нерацыянальна. Мне здаецца, ён разлічвае на тое, што яго, як стрымальны фактар супраць Расеі, усё ж такі будуць падтрымліваць амерыканцы, і што Еўропа будзе прасіць у яго дапамогі для спынення плыні ўцекачоў. Падобна на тое, ён вядзе сваю гульню, выкарыстоўваючы і НАТА, і ЕС, каб выйграць сітуацыю ў Расеі.

Размаўляў Яўген Балінскі

Стужка навінаў