Ва Украіне выявілі каронавірус


Першы выпадак заражэння на каронавірус выявілі ва Украіне. 29 лютага ў шпіталь патрапіў пацыент, які вярнуўся з Італіі. Даследаванні паказалі наяўнасць у яго каронавіруснай інфекцыі, паведамляе Міністэрства аховы здароўя Украіны.

Інфікаваны на каронавірус грамадзянін Украіны вярнуўся з Італіі. Разам з жонкай ён перасякаў мяжу на сваім аўтамабілі 26 лютага. Але памежнікі ў той момант не выявілі ў іх сімптомаў захворвання. Тым не менш, мужчына і жанчына вырашылі звярнуцца да спецыялістаў, паколькі разумелі, што прыбылі з краіны, дзе шмат выпадкаў заражэння на каронавірус.

«29 лютага ў мужчыны з’явіліся сімптомы вострага захворвання. Ён звярнуўся да лекара. Паводле алгарытмаў, паколькі анамнез быў у апошнія 14 дзён пасля паездкі ў Італію, лекар вырашыў яго шпіталізаваць. Перавозку ажыццяўляла спецыяльная медычная брыгада. Сімптомы мужчыны – павышэнне тэмпературы і сухі кашаль. Стан стабільны, без ускладненняў», – распавёў намеснік міністра аховы здароўя Украіны Віктар Ляшко.

Намеснік міністра таксама распавёў, што ў жонкі інфікаванага няма ніякіх сімптомаў захворвання, але яна знаходзіцца ў кватэры і не пакідае памяшканне.

У свеце медыкі зарэгістравалі 90 936 інфікаваных. Вірус забраў жыцці 3 117 асобаў. 47 995 чалавек паправіліся і выпісаныя са шпіталяў.

Паводле САЗ, у еўрапейскім рэгіёне выяўленыя 2 734 выпадкі заражэння каронавірусам. Ад інфекцыі памерлі 56 чалавек.

Найбольшая колькасць інфікаваных у Італіі. Тут выяўлена 2 036 выпадкаў. Еўразвяз павысіў рызыку захворвання з сярэдняга да высокага і стварае крызісны штаб.

2 сакавіка намесніца міністра аховы здароўя Наталля Жукава на брыфінгу ў Менску заявіла, што ў Беларусі тры зарэгістраваныя выпадкі каронавірусу.

Hавiны
У свеце больш за 90 тысячаў інфікаваных на каронавірус
2020.03.03 09:23

СК belsat.eu

Стужка навінаў