Уведзена становішча «эпідэміялагічнай пагрозы». Польшча закрывае межы для іншаземцаў


13 сакавіка прэм’ер міністр Матэвуш Маравецкі паведаміў, што ўрад вырашыў закрыць мяжу для іншаземцаў.

На адмысловым брыфінгу кіраўнік польскага ўраду заявіў, што ў краіне ўводзіцца становішча «эпідэміялагічнай пагрозы».

З 15 сакавіка на ўсіх межах уводзіцца паўнавартасны кантроль. Уезд іншаземцаў на тэрыторыю Польшчы цалкам абмяжоўваецца. Выключэннем будуць іншаземцы (не турысты), якія, напрыклад, працуюць у Польшчы і кожны дзень ездзяць праз мяжу.

«З улікам бяспекі палякаў мы ўвядзем поўны кантроль на ўсіх польскіх межах. Усе межы, якія былі ўнутранымі межамі Еўразвязу, будуць адноўленыя спачатку на 10 дзён з магчымасцю пралангацыі на 20 дзён, а потым яшчэ на месяц», – сказаў Матэвуш Маравецкі.

Усе, хто мае польскае грамадзянства і прыедзе ў Польшчу з 15 да 25 сакавіка трапяць на 14-дзённы хатні каранцін.

Таксама ўрад вырашыў часова абмежаваць міжнародныя авіяпералёты ды чыгуначнае спалучэнне. Акрамя таго, урад вырашыў забараніць масавыя імпрэзы, якія прадугледжваюць удзел больш за 50 асобаў.

Крамы, якія не прадаюць ежу, бары і рэстараны будуць зачыненыя. Працаваць будуць банкі, аптэкі і крамы з касметыкай ды бытавой хіміяй.

З 15 сакавіка польскую мяжу могуць перасякаць грамадзяне Польшчы, дыпламаты, кіроўцы, якія перавозяць грузы. Сярод замежнікаў, якія могуць уехаць у Польшчу, грамадзяне, у якіх муж, жонка, або дзеці маюць польскае грамадзянства, тыя, хто мае карту паляка, а таксама замежнікі якія стала пражываюць у Польшчы, або маюць дазвол на працу.

Акрамя таго, у некаторых асаблівых выпадках памежнікі могуць дазволіць уехаць у Польшчу замежнікам, пасля разгляду іх звароту і абгрунтаванняў.

Меркаванні
Каронавірус у Польшчы. З паліцаў знікае туалетная папера
2020.03.12 14:18

10 сакавіка Польшча ўвяла санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах з Расеяй, Беларуссю і Украінай. Пяць кантрольных пунктаў былі арганізаваныя на мяжы з Чэхіяй і Нямеччынай.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў