Каронавірус у Польшчы. З паліцаў знікае туалетная папера

Зачыненыя школы, дзіцячыя садкі, музеі і ўніверсітэты. Чэргі ў крамах і банках.

У першую чаргу хачу звярнуцца да беларусаў, якія знаходзяцца ў Польшчы, працуюць, альбо прыехалі ў турыстычных мэтах. Калі вы не маеце актуальнай медычнай страхоўкі, але пачуваецеся дрэнна і мяркуеце, што гэта можа быць неяк звязана з каронавірусам SARS-CoV-2, не бойцеся звяртацца ў польскую службу аховы здароўя. У сітуацыях, калі вашае жыццё і здароўе знаходзіцца пад пагрозай, медычная дапамога бясплатная. Званіце на спецыяльную інфалінію 800 190 590 альбо на 112. Там вам распавядуць, што рабіць далей. Гэта лепш, чым хадзіць па гандлёвых цэнтрах з тэмпературай, чхаць і перадаваць вірус іншым.

Санітарны кантроль на польска-літоўскай мяжы.
Фота: Michal Kosc / Forum

Скончыўся час, калі можна было сядзець з поп-корнам перад тэлевізарам недзе ў Еўропе і назіраць чарговую серыю змагання кітайцаў з каронавірусам у правінцыі Хубэй. Цяпер вірус ужо тут. У сераду Польшча зачыніла па ўсёй краіне школы, дзіцячыя садкі, яслі, бібліятэкі, кінатэатры, тэатры, спартовыя залі, універсітэты, музеі. Некалькі дзён дзейнічае памежны санітарны кантроль, у першую чаргу правяраюць аўтобусы і мікрааўтобусы. І гэта далёка не ўсе крокі, якія Варшава зрабіла ў барацьбе з каронавірусам.

Кіраўнік ураду Польшчы Матэўш Маравецкі звярнуўся да працадаўцаў, каб тыя, па магчымасці, дазволілі працаўнікам працаваць, не выходзячы з хаты. Нехта ж мусіць займацца дзецьмі, якія не пайшлі ў школу ці дзіцячы садок. Дарэчы, польскі ўрад звяртаўся да грамадзянаў, каб не перадавалі дзяцей дзядулям ці бабулям, бо дзеці пераносяць каронавірус, а для пажылых людзей гэтая хвароба асабліва небяспечная.

Hавiны
У Польшчы зафіксаваны першы смяротны выпадак ад каронавірусу
2020.03.12 14:14

Сітуацыя вельмі сур’ёзная, кожны дзень лічба хворых павялічваецца. На момант напісання тэксту (чацвер 11:00) польскае міністэрства аховы здароўя інфармавала пра 47 захворванняў. Ёсць і першая ахвяра – 57-гадовая жанчына ў Познані памерла. Міністр здароўя Лукаш Шумоўскі (Łukasz Szumowski) сказаў, што праз тыдзень можа зʼявіцца каля 1000 хворых. Таму Польшча вырашыла перастрахавацца і адначасова з зачыненнем школаў зачыніла іншыя культурніцкія ўстановы. Не зрабілі гэтага ў Італіі, дзе пасля зачынення школаў моладзь працягвала актыўнае вулічнае жыццё – хадзілі па клубах, збіраліся ў кампаніях. Сёння там на вачах усяго свету адбываецца нацыянальная трагедыя. І гэта не перабольшванне. У сераду італьянскія службы інфармавалі пра 827 ахвяраў каронавірусу і больш за 12 тысячаў захворванняў. Італьянскія шпіталі паралізаваныя, не хапае апаратаў штучнага дыхання, якіх патрабуюць хворыя. Эканамісты кажуць, што італьянская эканоміка не падымецца без сусветнай падтрымкі, але гэта для італьянцаў сёння не галоўнае, галоўнае – апанаваць эпідэмію, якая перарасла ўжо ў пандэмію.

Hавiны
«Белавія» адмяняе палёты ў Рым і Мілан да 15 красавіка
2020.03.12 12:29

Менавіта таму польскі Сейм нядаўна прыняў спецыяльны закон, які дзейнічае ад 8 сакавіка да канца эпідэміі. Дзякуючы яму, працадаўца можа (але не мусіць) цалкам пераносіць працу працаўнікоў на дом, аднак абавязаны гэта зрабіць у выпадку, калі на прадпрыемстве аб’явяць каранцін. Бацькі атрымаюць фінансавую дапамогу ад дзяржавы на час зачынення школаў, дзіцячых садкоў і ясляў. Ваяводы могуць выдаваць загады органам мясцовага самакіравання (якія незалежныя ад дзяржавы). Не будзе дзейнічаць таксама закон, які датычыць публічных закупаў. Раней дзяржаўныя ўстановы мусілі найперш абвясціць тэндар на закуп, напрыклад, медычнай апаратуры. Цяпер будзе лічыцца не кошт, а хуткасць дастаўкі. Галоўнае ў барацьбе з вірусам – гэта час. Але не толькі.

Hавiны
У Італіі праз каронавірус зачыняць крамы і рэстарацыі
2020.03.12 09:00

Не менш небяспечная за вірус паніка. Прывяду прыклад маёй невялікай мясцовасці (16 км ад Варшавы). У чарзе, у якой мне давялося стаяць у чацвер раніцай у краме, рэкардсменка мела ў вазку 150 рулонаў туалетнай паперы. Пры гэтым на ўсю чаргу разважала: «навошта людзі панікуюць». Людзі змятаюць з паліцаў крупы, яйкі, макароны, кашы, кансервы – можна пералічваць бясконца. Наяўныя грошы атрымалася зняць у банкамаце толькі з трэцяй спробы, два папярэднія ўжо вычысцілі. Вось неяк так выглядае каронавірус у Польшчы ў чацвер, 12 сакавіка 2020 года.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў