Усё кепска. Спецдакладчык ААН па Беларусі падрыхтаваў справаздачу


Харасці - прадстаўнік ААН па Беларусі. Фота spring96.org

Аўтар справаздачы Спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці адзначае, што ў Беларусі «захоўваецца сітуацыя падаўлення правоў і свабодаў грамадзянаў».

У дакуменце прааналізаваны перыяд з 1 красавіка 2017 году па 30 красавіка 2018 году. У справаздачы падкрэсліваецца, што беларускія ўлады не сталі на шлях выпраўлення і працягваюць сістэматычна парушаюць правы грамадзянаў Беларусі.

«На працягу шасці гадоў пасля таго, як Савет па правах чалавека заснаваў мандат спецдакладчыка, жыццё ў Беларусі рэгламентавалася мэтанакіравана рэпрэсіўнай прававой базай. Гэта суправаджалася рэгулярнымі цэнтралізаванымі планаванымі рэпрэсіямі з ужываннем гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, няўрадавых арганізацыяў, палітычных апанентаў, праваабаронцаў і супрацоўнікаў незалежных сродкаў масавай інфармацыі», – напісана ў справаздачы.

Таксама адзначаецца, што ўлады надалей выкарыстоўваюць практыку пазбаўлення волі палітычных апанентаў па сфабрыкаваных абвінавачваннях. Харасці звярнуў увагу, што ў Беларусі дагэтуль ужываецца смяротнае пакаранне.

У справаздачы разгледжаныя праблемы права на мірныя сходы. Харасці ўзгадвае падзеі мінулай вясны і перашкоды правядзення мірных сходаў у гэтым годзе. Згадваюцца масавыя затрыманні, якія адбыліся падчас святкавання сотай гадавіны БНР.

Шмат увагі Харасці надае сітуацыі са свабодай слова. Яго вельмі непакояць падрыхтаваныя змены ў заканадаўства, якое датычыцца сродкаў масавай інфармацыі.

«У выпадку канчатковага прыняцця гэтыя папраўкі прывядуць да яшчэ большага абмежавання свабоды выказвання меркаванняў і свабоды інфармацыі для ўсіх грамадзянаў, узмацніўшы перашкоды і ганенні, з якімі сутыкаюцца беларускія незалежныя журналісты і асобы, якія размяшчаюць матэрыялы на інтэрнэт-рэсурсах», – адзначаецца ў справаздачы.

Міклаш Харасці ўжо неаднаразова заклікаў улады адмяніць артыкул 22.9 КаАП, паводле якога судзяць незалежных журналістаў. Спецдакладчык звяртае ўвагу, што за 2017 год журналістаў штрафавалі 69 разоў, агулам яны мусілі сплаціць больш за 25 тысячаў еўра, што перавышае суму штрафаў за мінулыя тры гады.

«Журналісты «Белсату» з’яўляюцца пастаянным абʼектам нападак з боку ўладаў. Наўрад ці цягам перыяду справаздачы знойдзецца месяц, калі хто-небудзь з журналістаў «Белсату» не быў бы затрыманы або падвергнуты штрафу і канфіскацыі матэрыялаў», – падкрэслена ў дакуменце.

Таксама згадваецца выпадак збіцця нашага журналіста Андруся Козела на выбарчым участку ў Менску. Тады міліцыянты выбілі галавою Андруся дзверы, а пасля яму ж і далі штраф.

Напрыканцы дакументу Спецдакладчык раіць вызваліць усіх палітзняволеных, спыніць пераслед незалежных журналістаў, забяспечыць незалежнасць судовай сістэмы, увесці мараторый на смяротнае пакаранне, перагледзець Выбарчы кодэкс і даць грамадзянам права на мірныя сходы.

Гэты даклад будзе агучаны 25 чэрвеня на сесіі Савету па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ў Жэневе.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары