Паводле інфармацыі грамадскага прадстаўніка сем’яў фігурантаў «справы патрыётаў» Ніны Шыдлоўскай, на працягу двух дзён на допыты выклікалі ўсіх «легіянераў».
«Сілавікі пастараюцца прыгожа выйсці з сітуацыі. А што «прыгожа» для іх – тое можа быць не вельмі добра для хлопцаў», – кажа яна.
Нагадаем, в межах справы патрыётаў былі затрыманы 35 чалавек. Іх вінавацілі ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (ч.3 арт.293 КК) і «стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання і ўдзеле ў ім» (арт.287 КК). Паступова фігуранты справы выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а ў чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі. Не так даўно старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што «да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўлена кропка».
«Наколькі мне вядома, пасля заявы Наскевіча на працягу двух дзён усіх фігурантаў «справы патрыётаў» адзін раз выклікалі на допыты, – распавяла palitviazni.info Ніна Шыдлоўская. – Складана сказаць, ці закончаць справу ў бліжэйшыя два тыдні, хаця ў нейкі бок яна павінна зрушыцца ў любым выпадку. Праўда, няма ніякай інфармацыі з гэтай нагоды. Усё застаецца ў падвешаным стане, і куды хіснецца справа, нікому невядома».
Са слоў суразмоўцы, дзяржаўныя органы не вельмі любяць прызнаваць свае памылкі, а таму відавочна, што будуць шукаць нейкае выйсце.
«Яны пастараюцца прыгожа выйсці з сітуацыі, – дадае Ніна Шыдлоўская. – А «прыгожа» для сілавікоў – гэта можа быць не вельмі добра для хлопцаў. Было б цалкам нармальна для любой цывілізаванай краіны прызнаць, што была памылкова ўзбуджана крымінальная справа, што памылкова затрымалі людзей… Але, на жаль, у нас на такое прызнанне спадзявацца, відаць, не даводзіцца. Таму пабачым, што зараз прыдумаюць следчыя, і ці дойдзе справа да суда».
ІІ, belsat.eu