Упершыню пасля распаду СССР: у Маскве ўсталююць помнікі Леніну і Сталіну


На «Аллее правителей» у Маскве ўсталююць помнікі кіраўнікам савецкага і постсавецкага перыядаў, у тым ліку Леніну і Сталіну, паведаміў журналістам выканаўчы дырэктар Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Уладзіслаў Конанаў.

«Помнік Леніну будзе першым, пастаўленым у паслясавецкі перыяд», – сказаў Конанаў.

Акрамя бюстаў Леніна і Сталіна, на «Алеі кіраўнікоў» зʼявяцца помнікі Мікіту Хрушчову, Леаніду Брэжневу, Юрыю Андропаву, Канстанціну Чарненка, Міхаілу Гарбачову і Барысу Ельцыну.

Урачыстая цырымонія адкрыцця васьмі новых бюстаў запланаваная на 22 верасня. У ёй, сярод іншых, возьмуць удзел міністр культуры РФ Уладзімір Мядзінскі і ўдава першага прэзідэнта Расеі Барыса Ельцына Наіна Ельцына.

Праект «Аллея правителей» існуе з траўня 2017 году. Раней там зʼявіўся помнік цару Івану Жахліваму, што выклікала спрэчкі ў грамадстве. Цяпер ініцыятары ўстаноўкі помнікаў Леніну і Сталіну таксама чакаюць неадназначнай рэакцыі, але падкрэсліваюць, што робіцца гэта «не ва ўгоду нейкай палітычнай канʼюнктуры, а каб нагадваць, што ў нас была такая гісторыя».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў