Cправа не ў Лукашэнку, а ў людзях, якіх ён ставіць. Зручных людзей трэба памяняць на прафесіяналаў, бо ўлада не разумее COVID-19. Так лічыць траўматолаг Аляксей Носаў з Іспаніі, які заразіўся каронавірусам. У інтэрв’ю Аліне Коўшык доктар апісвае свае сімптомы, раіць, як абараняцца ад заразы, а таксама апавядае, што робяць кітайцы апошнія некалькі гадоў.
Як вы пачуваецеся?
Я пачуваюся нядрэнна. Усе сімптомы можна апісаць словамі «трошкі» і «ледзь-ледзь». Лёгкае сцісканне ў грудной клетцы, лёгкае пакашліванне, лёгкае сцісканне ў скронях, але першым сімптомам у мяне была страта нюху. Такім чынам я гэта ўсё заўважыў. Тэмпературы няма.
Вам пашчасціла, вы захварэлі ў даволі лёгкай форме і лечыцеся ў хаце. Што можна прапанаваць людзям, якія будуць вымушаныя змагацца з вірусам самастойна? Бо зразумела, што шпіталі не ў стане прыняць усіх хворых.
Вы маеце рацыю, ёсць некалькі формаў хваробы, але яны залежаць не ад шанцавання, а ад абарончых уласцівасцяў арганізму. На аслаблены арганізм вірус дзейнічае мацней, а на здаровы – слабей. Важныя трэнаванні, здаровы лад жыцця, адсутнасць спадарожных сэрцава-судзінных і дыхальных паталогіяў, праблемаў з крывёю, анкалогіі ды г. д. Груба кажучы, гэта вірус штучнага адбору. Ён забірае слабых, а моцныя выжываюць.
Вядома, ёсць сэнс у гігіене. Вірус не лятучы, для перамяшчэння ён выкарыстоўвае вадкасці. Сам вірус падобны да шарыка, які кідаеш у мішэнь. Я раю рабіць салявы раствор: на шклянку вады – сталовая лыжка солі, і можна дадаць пару кропель ёду. Гэтым вы добра прапалошчаце насаглотку, асабліва калі вы аднекуль вяртаецеся. Апошнія пару гадоў усе кітайцы п’юць з тэрмаса гарачую ваду. Яны робяць гэта і на працы і ўдома. Кітайскія эпідэміёлагі таксама кажуць, што трэба пастаянна піць ваду і прамываць насаглотку.
Ці вы яшчэ нешта робіце, прымаеце нейкія лекі?
Пры маёй форме я нічога не прымаю. Я распавядаю сваім сябрам пра сваё самаадчуванне, каб зняць паніку. Паніка ў гэтым выпадку зусім не патрэбна. Я не хачу апраўдваць ані статыстыку, ані нейкія пэўныя органы, але праблема не ў тым, колькі людзей заражана. Патрэбнае веданне, што гэта такое: важна ведаць, як вірус перамяшчаецца, якія формы мае. Груба кажучы, вірус будзе ва ўсіх як у носьбітаў. Максімальную колькасць, якую ён можа захапіць, ён захопіць, а гэта 80–90 % насельніцтва.
Нават каранцін не дапаможа?
Калі мы захаваем правілы каранціну, мы захаваем шмат жыццяў, у тым ліку і старых людзей і аслабленых хваробамі. Таму каранцін дзеіць. У Іспаніі, Італіі пацярпела больш за ўсё людзей праз кантакт. У іх звычка – цалавацца пры сустрэчы, пастаянна абдымацца. Таму вельмі шмат заражэнняў адбылося да каранціну.
Цяпер у Іспаніі жорсткі каранцін, усё зачынена, можна хадзіць толькі ў найбліжэйшыя крамы па самае неабходнае. Ці дасягнула Іспанія піку захворвання, ці іспанскія шпіталі цяпер – гэта нашае сучаснае пекла?
Галоўная бітва з гэтым вірусам адбываецца ў навукова-даследчых лабараторыях, а не ў шпіталях. Наша задача – дажыць да вакцыны. Адпаведна, мінімальная колькасць заражаных людзей значыць максімальную колькасць выратаваных жыццяў. Не бойцеся, выконвайце правілы.
З таго, што вы бачылі, які выпадак уразіў вас найбольш?
Колькасць заражэнняў таксама залежыць ад рэгіёну. Больш за ўсё іх у Мадрыдзе, Каталоніі. Я ў Валенсіі. За свае дзяжурства я максімум шпіталізаваў шэсць чалавек. Яны былі не цяжкія, але ўжо з пнеўманіяй. Усе былі ў сталым узросце. Смяротнасць па ўсёй Іспаніі назіраецца, але ў некаторых гарадах меншая, а ў некаторых – большая. Пакуль незразумела, на піку мы ці не. У адзін дзень ёсць абнадзейлівыя вынікі, у другі – горшыя. Сэнс у тым, каб згуртавацца і не заразіцца. І каранцін – гэта палка з двума канцамі. Гэта не толькі выратаванне жыццяў, але і эканамічны аспект.
Што вы думаеце пра тое, што адбываецца ў Беларусі, пра тактыку Аляксандра Лукашэнкі?
Я не буду крытыкаваць уладу. Сэнс у тым, што ўлада не разумее, пра што ідзе гаворка. Яны баяцца панікі, і гэта зразумела. Улада не пацягне ані фізічна, ані эканамічна, таму што справа не ў Лукашэнку, а ў людзях, якіх ён ставіць. Зручных людзей трэба памяняць на прафесіяналаў.
У нашай краіне, на жаль, гэта не магчыма. Людзі пішуць пра выпадкі, якіх не пацвярджаюць медыкі, улады хаваюць рэальную статыстыку, і ў нас адзіная еўрапейская краіна, акрамя Швецыі, у якой не ўведзены каранцін. Усё гэта спрыяе таму, што эпідэмія можа прыняць катастрафічныя памеры для людзей і гаспадаркі.
Справа не ў статыстыцы. Трэба ведаць, што гэта за вірус, як ён распаўсюджваецца, як ад яго абараніцца. Беларусам не ўпершыню выконваць нормы і ўказанні. Захоўвайце дыстанцыю, карыстайцеся сродкамі гігіены, рабіце вільготную прыборку. Паважайце адзін аднаго, бо сэнс у тым, што калі я нашу абарону, я абараняю і іншых. Той, хто смяецца і ходзіць без маскі, можа быць бессімптомным носьбітам і заражаць пажылых людзей і людзей з аслабленым здароўем.
Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 03.04.2020
Іншыя тэмы выдання: