Калі каронавірус пойдзе на спад? Інтэрв’ю з доктарам


Аляксандр Керч, доктар з Бельгіі ды былы вайсковец, раіць, якімі сродкамі абараніць сябе ад COVID-19 і як узмацняць імунітэт. Доктар тлумачыць эфектыўнасць розных тыпаў масак. Таксама ён агучвае ўласную версію таго, якім чынам вірус SARS-CoV-2 стварылі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, і разважае, ці распрацавалі ўжо супраць яго вакцыну. Інтэрв’ю Алеся Сіліча.

У чым галоўная складанасць пры барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй?

Кожная хвароба мае атыповыя формы: не кожная пнеўманія працякае з дзікім надрыўным кашлем, не кожная вірусная інфекцыя працякае з насмаркам. Калі ўзнікае класічная карціна, а менавіта: з першага дня высокая тэмпература, закладзены нос (не насмарк, а закладзены нос, што чалавек аж захлынаецца – настолькі цяжка дыхаць), дыхальная недастатковасць (цяжка ўздыхнуць, сінія кончыкі пальцаў, сатурацыя), – тады чалавек едзе ў бальніцу і кажа: «Я пазаўчора прыехаў з Італіі». Як толькі мы гэта чуем, то тут жа яго – у ізаляваны бокс і пачынаем аглядаць. Але калі прыходзіць чалавек, які кажа: «У мяне тэмпература і кашаль», – то мы ніякіх аглядаў амаль не робім. Такіх сёння 90 % у Бельгіі, а напалоханых – 120 %.

Выбух каронавіруса супаў з зімова-вясновым перыядам. Ці можна чакаць, што з прыходам цяпла, з больш сонечнымі днямі хвароба будзе згасаць?

Так, спад чакаецца. Я прагназую, што першы тыдзень красавіка, калі ўсе паедуць у велікодныя вакацыі ды прывязуць дадатковыя вірусы, будзе дзікі ўздым. Потым вірус пойдзе на спад. Хутчэй за ўсё да чэрвеня і ліпеня ён зменшыцца, можа, сыдзе ў нуль. Новых заражэнняў не будзе, застануцца толькі старыя пацыенты.

А вось у ліпені-жніўні, мне здаецца, будзе другі вялікі выбух, бо шмат у каго зарэзерваваныя адпачынкі. Самалёты не лятаюць, але ёсць машыны, ровары, аўтобусныя экскурсіі. Усё роўна будуць ездзіць за мяжу. Мабыць, прывязуць адтуль іншыя штамы, іншыя невядомыя нам тыпы каронавіруса. Яны накладуцца адзін на аднаго і могуць даць іншую клінічную карціну, пра гэта цяжка сказаць. Тым часам, калі тэмпература будзе падвышацца, будзе горача (у мінулым годзе ўлетку тут было 45–50°C), тады вірус не вытрымае. Ён загіне адразу.

Усё ж я не рэкамендую хадзіць ані ў лазню, ані ў сауну, ані ў басейн. Хоць у лазні бывае і па 80°C, і па 90°C, але там высокая вільготнасць, а для любога віруса гэта добра. Зараз лепш менш кантактаў і высокая тэмпература. Гарачае пітво – гэта самы просты, без лекаў, метад прафілактыкі віруса.

Ёсць такая думка, што ўсе павінны перахварэць на COVID-19, і гэта нас чакае. Як вы да гэтага ставіцеся?

Не кожны вірус пакідае пажыццёвы імунітэт. Калі б гэта быў гепатыт B, то адзін раз перахварэў– і ніколі не захварэеш. Ён выклікае пажыццёвы імунітэт, як і гепатыт А і іншыя. Калі ж перахварэць на сальманелёз, а заўтра з’есці тухлае яйка, то зноў будзе сальманелёз. Колькі на сальманелёз ні хварэй, няма ніякіх гарантыяў, што ты на яго зноў не захварэеш. Так і тут. Робім вакцыну ці не робім, усё роўна мы хварэем на грып штогод у лёгкай або ў цяжкай форме – гэта адрозненне вакцынаванага хворага ад невакцынаванага. Мы хварэем на яго кожны год, таму што кожны год – розныя штамы.

Магчыма, каронавірус, калі нават і заціхне на лета, у спякоту, зноў з’явіцца зімой і вясной. Ён будзе называцца не каронавірус COVID-19, а 21 ці яшчэ неяк. Тое, што вірусы не знікаюць, а з’яўляюцца ў нашай экалогіі, – гэта сапраўды так, тое ж адбылося з пачаткам гэтага віруса.

У Кітаі з лабараторыі вылецеў адзін кажан. Ці то яго з’елі, ці то ён недзе ў іх па дрэвах лётае – ніхто пра гэта не ведае. Першага доктара, які спрабаваў расказаць па тэлебачанні пра таго штучнага кажана, знішчылі. Ён ужо расстраляны ў Кітаі, яму не далі гэтага сказаць. Калі б ён тады распаўсюдзіў інфармацыю, а людзі ўключылі б мазгі і падумалі, тады зачынілі б межы, маскі надзелі, рабілі б прафілактыку. Тады б гэтага распаўсюджвання па Еўропе не было.

Я лічу, што кітайскі ўрад ведаў пра ўсё. Калісьці я нядоўга быў вайскоўцам, і ведаю, што ёсць сакрэтнае ўказанне: калі ў бактэрыялагічнай лабараторыі рыхтуецца бактэрыялагічная зброя, то паралельна з ёй рыхтуецца вакцына супраць зброі – хаця б для персаналу, які з ёй працуе. Калі ў лабараторыі занятыя 10 чалавек, то трэба мець хоць 10 флаконаў вакцыны, калі раптам нешта выбухне або лопне, каб хутка абараніць персанал. У тым, што ў Кітаі да моманту з’яўлення COVID-19 ужо была гатовая вакцына да яго, я ўпэўнены на 100 %. Чаму яны не даюць яе формулу – гэта пытанне сёмае. Мабыць, праз год, праз два гэта ўсплыве. Можа, журналісты гэтую справу раскапаюць. Можа быць, усе краіны аб’яднаюцца і пакараюць за гэта Кітай фінансавымі метадамі. Але ў тым, што прэзідэнту Кітаю і ягонаму блізкаму асяроддзю ўжо зрабілі вакцыну, я таксама ўпэўнены.

Яшчэ адзін нюанс наконт «перахварэць». Нават калі і перахварэць, то няма ніякай гарантыі, што праз год не з’явіцца наступны штам. У 2002 годзе быў выбух SARS. Гэта той жа каронавірус, толькі іншая інтэрпрэтацыя. Мы ж цяпер зноў сустрэліся з іншым вірусам, і кожны год будуць праяўляцца новыя, проста да гэтага трэба быць гатовымі, вось і ўсё. Трэба стымуляваць імунітэт, харчавацца нармальна. Я б мог сказаць шчыра, што паласкаць рот гарэлкай – карысна, але народ успрыме гэта ўказанне не так, як трэба. Яшчэ скажуць, што доктар сам рэкамендуе гарэлкай паласкаць горла – гэта смешна. Таму рэкамендую выкарыстоўваць таблеткі, на ўпакоўцы якіх напісана «імуна». Яны стымулююць імунітэт, унутраную рэакцыю арганізма. Яшчэ што можна было б зрабіць, што не практыкуецца, – гэта, напрыклад, аўтагематэрапія. У Савецкім Саюзе гэта вядома, у Беларусі гэта вядома, у Бельгіі гэта не прызнаецца як методыка, а гэта добра стымулюе імунітэт. Толькі імунітэт можа задушыць вірус. Бактэрыі лечацца антыбіётыкамі, а вірус лечыцца супрацьвіруснымі прэпаратамі, а іх няма.

Цяпер шмат пытанняў пра маскі. Наколькі яны эфектыўныя, якія маскі вы раіце?

Два тыдні таму я прыляцеў з Беларусі. У менскім аэрапорце персанал: памежнікі, дзяўчынкі, якія рэгіструюць, – усе ў аднаразовых медычных масках. Такая маска не абараняе ад каронавіруса. Мы дыхаем, яна робіцца вільготнай. Кожныя 2 гадзіны яе трэба выкідаць, а гэта каштуе грошай. Але яны ў іх сядзяць. У адной працаўніцы я спытаў: «Які дэбіл прымусіў вас насіць гэтыя маскі? Яны не працуюць». – «Нам сказалі – мы носім». Усе вакол гэта разумеюць. Але раз трэба, то навошта адрознівацца ад масаў? Гэтая маска не працуе. Яна абараняе толькі калі чалавек ужо хворы, калі кашляе, каб ён не заразіў іншых. Калі гэта хворы чалавек, то трэба насіць не дзве гадзіны, а хутчэй і раней знішчыць яе. Спальваць або ў шчыльны кантэйнер, у слоік з накрыўкай складваць, каб гэты вірус не распаўсюджваўся. Шчыльнейшая маска больш абараняе, але таксама магчыма, што ў яе пранікае вірус. Маска з фільтрам дарагая, але яна шматразовая і добра абараняе. У яе ёсць заціск для носа, бакавы фільтр, ёсць дроцік, які закрывае нос, у ёй лёгка дыхаць. Не трэба нічога падкладаць – яна шчыльна прыціскае ва ўсіх месцах. Гэтую маску мы выкарыстоўваем для працы з пацыентам, калі не ведаем, ці ёсць у яго каронавірус. Яшчэ мы надзяваем акуляры, шапку, пальчаткі, халат. Мне выдаюць адну такую маску на дзень і потым яе ўтылізуюць. А гэтыя аднаразовыя маскі – нішто. У інтэрнэце нейкая жанчына выклала, як яна кручком вяжа маскі. Ну гэта смех. Вязаная туалетная папера, вязаныя маскі – гэта 17-е ці 16-е стагоддзе. Гэта не працуе, гэта смешна.

Якія вашы парады, каб засцерагчыся ад заражэння?

Каб лягчэй было зразумець, я раскажу, адкуль паходзіць вірус. У Кітаі, як і ў кожнай краіне, якая сябе паважае, пры Міністэрстве абароны ёсць бактэрыялагічная лабараторыя, якая рыхтуе бактэрыялагічную зброю. Такая ёсць у кожнай краіне: і ў Нямеччыне, і ў Бельгіі, і ў Месапатаміі, і ў Кітаі. Там узялі лятучую мыш і ўзнагародзілі 50 тыпамі банальнага грыпа. У ёй адбылася мутацыя: утварыўся адзін вірус, адзін штам, вельмі цяжкі і вельмі агрэсіўны. Ён лічыцца ў 50 разоў мацнейшым за прастуду, ВРЗ. У яго цяжкая малекула. З аднаго боку, гэта добра, з другога – дрэнна. Добра, бо калі хтосьці чхнуў, то заражэнне не ў радыусе 20–30 метраў, а ў радыусе толькі паўтара ці двух. Малекула цяжкая, таму яна падае ўніз, не ляціць далёка. Калі малекула падае ўніз, то яна трапляе на гарызантальныя паверхні: стол, дзвярныя ручкі і гэтак далей. Трэба мыць рукі, праціраць вільготнымі спіртавымі сурвэткамі або гелем – гэта нашмат зручней і бяспечней. Некаторыя кажуць, што гэта сушыць скуру і гэта непрыемна. Тут ужо ці сушыць скуру, ці злавіць вірус. Мой рукі ці не мой рукі – вірус праз скуру чалавека ў арганізм не пранікае. Ён пранікае толькі праз верхнія дыхальныя шляхі – нос і рот. Рот як абмываць, я распавёў: гарачай гарбатай, гарачай вадой, кавай і гэтак далей. Нос – гэта больш складана. Для носа трэба насіць маску, калі ты ў групе рызыкі (хоць маскі не заўсёды дапамагаюць) і карыстацца белым вазелінам, напрыклад, дзецям памазаць уваход у нос. Праз кожную гадзіну сурвэткай гэта выціраць і выкідаць.

Hавiны
«Лік ідзе на гадзіны». Беларускія дактары замежжа выступілі з адкрытым лістом
2020.03.23 10:46

У Савецкім Саюзе была добрая аксалінавая мазь. Яна і вазелін прадухіляюць распаўсюджанне вірусу ўглыб. Калі ўжо вірус трапіў у верхнія дыхальныя шляхі, то ён там трымаецца ад 5 да 7 дзён. Гэта называецца інкубацыйны перыяд. Ён асядае на слізістую абалонку, пачынае гадкую працу, але сімптомаў ніякіх няма. На працягу 5–7 дзён пачынае балець горла. Калі пачынае балець горла, а вялікай тэмпературы няма, то гэта банальная інфекцыя. Калі гэта ўжо спалучана з высокай тэмпературай, то дакладна трапіў каронавірус, і ён напэўна апусціцца ніжэй.

Лячэння ўсё роўна няма, прафілактыкі таксама. Калі ты заразіўся, трэба застацца дома, насіць маску, каб не заразіць здаровых сямейнікаў і грамадзянаў, пабольш піць і сачыць за тэмпературай. Трэба кожныя 4 гадзіны прымаць розныя прэпараты, каб не даць тэмпературы расці. Чалавек не памірае ад вірусу, ён памірае ад ускладненняў, якія выклікае вірус. Высокая тэмпература ў слабых хворых выклікае крывацёк, ад чаго старыя звычайна паміраюць. Калі высокі ціск, яшчэ і тэмпература, то лопаюцца судзіны, таму што кроў бурліць яшчэ больш. Можа лопнуць дробная судзіна рэтыны вока, гэта ў прынцыпе не небяспечна, будуць чырвоныя вочы. Калі ж яна лопнула ў мазгах – гэта ўжо непрыемна. Яшчэ вірус апускаецца ў лёгкія, паражае альвеолы.

У нашым шпіталі ляжаць трое ці чацвёра хворых. У мінулае дзяжурства мы чакалі смерці аднаго з іх, нават папярэдзілі сваякоў, што ён памрэ, але не ад каронавірусу. Яму 92 гады, у яго дзясятак найцяжэйшых хваробаў, і на фоне каронавіруса ён не выкараскаецца. Мы можам лячыць у яго цукровы дыябет, сачыць за ціскам крыві, узроўнем цукру, нармальна карміць, даваць кропельніцу. Усё ж вірус зрабіў брыдкую справу, і лёгкія не вытрымалі.

Фота на прэв’ю: Lukasz Dejnarowicz / Forum

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 23.03.2020

Іншыя тэмы праграмы:

 

Стужка навінаў