Украіна адказала на абвінавачванні Расеі ў «правакаванні радыкальных дзеянняў» у Беларусі


Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітро Кулеба назваў абвінавачванні з боку міністра замежных справаў РФ Сяргея Лаўрова «плодам хваравітай фантазіі». Нагадаем, 2 верасня Лаўроў заявіў пра 200 экстрэмістаў, якіх закінулі ў Беларусь з тэрыторыі Украіны.

На сумеснай з Уладзіміра Макеем прэс-канферэнцыі ў Маскве Сяргей Лаўроў заявіў, што з тэрыторыі Украіны вядзецца дзейнасць, накіраваная на тое, каб «мірныя пратэсты сарваліся ў канфрантацыйную спіраль».

«Ёсць пацверджаныя звесткі пра тое, што падобная дзейнасць вядзецца з тэрыторыі Украіны. Там ёсць і «Трызуб» імя Бандэры, і «С14», ёсць «Нацыянальны корпус», «Правы сектар». Усе гэтыя структуры актыўна займаюцца правакаваннем радыкальных дзеянняў у Менску і ў іншых гарадах Беларусі, фінансуюць адпаведныя мерапрыемствы, натраўліваюць тых, каго яны лічаць перспектыўнымі экстрэмісцкімі лідарамі да таго, каб яны ўносілі сілавыя элементы ў дэманстрацыі ў беларускай сталіцы. Па нашых дадзеных, у Валынскай і Днепрапятроўскай абласцях на Украіне ёсць лагера падрыхтоўкі такіх экстрэмістаў. Я ўпэўнены, што нашыя спецслужбы павінны гэтым займацца больш прадметна, яны ў кантакце адзін з адным знаходзяцца.

Паводле нашых ацэнак каля 200 экстрэмістаў, натрэніраваных на ўкраінскай тэрыторыі, цяпер знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь», – адзначыў Лаўроў.

Міністр замежных справаў Украіны Дзмітро Кулеба падкрэсліў, што заява Лаўрова – гэта трызненне.

«200 украінскіх экстрэмістаў, якіх Украіна нібыта накіравала ў Беларусь для дэстабілізацыі сітуацыі, і лагеры па падрыхтоўцы экстрэмістаў ва Украіне з’яўляюцца плодам хваравітай фантазіі тых, хто даў такія дадзеныя майму расейскаму калегу Сяргею Лаўрову», – адзначыў ён.

Паводле Кулебы, «Украіна не вяла, не вядзе, і ня будзе весці ніякай падрыўной дзейнасці супраць Беларусі».

«Расея, наадварот заяўляе, што ўжо накіравала некаторых сваіх «спецыялістаў» ў Беларусь і гатовая накіраваць іх яшчэ больш. Спробы Расеі прадставіць сваіх зялёных чалавечкаў у Беларусі як украінскіх экстрэмістаў – гэта танны і пройгрышны трук. Як кажа прыказка: «злодзей крычыць – трымайце злодзея», – падсумаваў Кулеба.

Hавiны
Навошта вагнэраўцы прыехалі ў Беларусь? Асноўныя версіі гучнай справы
2020.07.30 14:19

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў