«Ударыў яго па твары 3–4 разы»: Як гандляры «Еўропы» затрымалі забойцу з сякерай


Нападніка з бензапілой і сякерай у менскім гандлёвым цэнтры затрымалі іпэшнікі, а не міліцыя або ахова. Журналісты запісалі аповед Аляксандра, які першы пайшоў на сілавы кантакт з забойцам.

28-гадовы Аляксандр, які гандлюе ў «Еўропе» дыскамі, адмаўляецца размаўляць з журналістамі, і «Беларускія навіны» цытуюць аповед са словаў адной з працавачак гандлёвага цэнтру, якая чула гэтую гісторыю ад Аляксандра «неаднакроць» і можа «слова ў слова паўтарыць яе».

«Я ўбачыў, што бяжыць малады чалавек дзіўнага вонкавага выгляду. Потым звярнуў увагу, што ў адной руцэ ў яго сякеру. Прычым трымаў ён яго не ўнізе дзяржання, а пад самым тапарышчам. Затым заўважыў, што за ім чамусьці гоняцца 4–5 чалавек, хлопцаў-прадаўцоў ГЦ.

Я не ведаю, чаму вырашыў пагнацца за ім сам. Думаў, ці неадекват нейкі, ці скраў нешта. Пра тое, што ён зладзіў на першым паверсе, мне было невядома. Ён пабег па лесвіцы ўніз, а я вырашыў пайсці яму напярэймы, і мы сутыкнуліся побач з выхадам на вуліцу. Я зрабіў крок да яго насустрач, ён замахнуўся сякерай. Я адступіў. Ён ужо пачаў адкрываць уваходныя дзверы, а на вуліцы ж дзеці былі.

Я падумаў, што калі ён зараз выйдзе, можа адбыцца трагедыя. Кінуўся на яго. Я не памятаю, як усё адбылося – я, быццам, перахапіў яго руку з сякерай правай рукой, а сам я ляўшун, і ўдарыў яго левай па твары 3–4 разы.

У гэты момант падляцелі тыя хлопцы, якія гналіся за ім па лесвіцы, наваліліся на яго, павалілі і пачалі біць. Затым падляцеў ахоўнік гандлёвага цэнтру і пацягнуў ад нас гэтага хлопца. Праз яшчэ паўхвіліны падбеглі два міліцыянты, надзелі кайданкі на яго, скруцілі і павялі ўздоўж калідора да апошняга выхаду. Пра тое, што ён нарабіў, я даведаўся ўжо пазней».

Анатоль Шумчанка выказаў у сваім Фэйсбуку думку што міністр унутраных справаў павінен падумаць пра ўзнагароды для прадпрымальнікаў, якія ўратавалі жыцці наведнікаў гандлёвага цэнтру.

Ужо вядома, што пахаванне забітай нападнікам жанчыны адбудзецца ў аўторак 11 кастрычніка.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў