Паліцыя ЗША знайшла цела зніклай унучкі Робэрта Кенэдзі – палітычнага дзеяча і брата 35-га прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі, паведамляе CNN.
Мэйв Кенэдзі Таўнсэнд МакКін з 8-гадовым сынам Гідэонам знікла 2 красавіка. Паводле мужа жанчына, яна села з сынам у каноэ, каб дастаць мяч, як падчас гульні ў двары іх дома на беразе затокі Чэсапік. Ветрам каноэ вынесла далёка ад берага, дзе яно патрапіла ў шторм.
У суботу USA Today паведаміла, што аперацыя па пошуку зніклых спынілася і яны прызнаныя загінулымі. Перавернутае каноэ знайшлі 3 красавіка ўвечары за некалькі кіламетраў ад таго месца, дзе яго бачылі ў апошні раз.
Пошукі цела васьмігадовага сына Гідэона працягваюцца.
Нагадаем, што 1 жніўня ад перадазіроўкі наркотыкаў загінула стрыечная сястра Мэйв Кенэдзі Таўнсэнд МакКін – Сіршэ Кенэдзі-Гіл.
Трагічныя здарэнні пераследуюць сям’ю Кенэдзі. У 1944 годзе падчас Другой сусветнай вайны загінуў старэйшы брат Джона і Робэрта Джоўзэф. У 1963-м быў застрэлены сам Джон, а ў 1968-м – Робэрт.
У 1984 годзе ад перадазіроўкі наркотыкамі памёр сын Робэрта Дэйвід, а ў 1997-м ад ранаў, атрыманых падчас катання на лыжах, – брат папярэдняга Майкл. У 1999 годзе ў авіякатастрофе загінуў сын былога прэзідэнта ЗША Джон Кенэдзі-Малодшы.
МГ belsat.eu