У «Вялікім камяні» прэзентавалі першы ў Беларусі беспілотны аўтобус


Першы ў нашай краіне ўзор беспілотнага аўтобуса на электрычнай хадзе пратэставалі 12 траўня старшыня Менаблвыканкаму Аляксандр Турчын і кіраўніцтва Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Унікальная падзея – у рэпартажы МЛЫН.BY.

Першы беларуска-кітайскі беспілотны аўтобус на электрычнай хадзе.
Фота: Павел Арлоўскі, mlyn.by

Аўтобус распрацаваны па тэхналогіі навукоўцаў з Сінгапуру. Максімальная хуткасць прататыпу складае 40 км/г. Аднак бяспечная эксплуатацыйная хуткасць крыху ніжэйшая – у раёне 25 км/г. Запас хады беспілотнага электрабусу каля 180 км. Поўная зарадка займае не болей за 4 гадзіны.

Кіраваць аўтобусам можна ў двух рэжымах: цалкам беспілотным, а таксама ў ручным.

Госці зрабілі невялікае кола па тэрыторыі індустрыяльнага парку. Пасля гістарычнага тэст-драйву Аляксандр Турчын падзяліўся ўражаннямі і распавёў аб перспектывах укаранення такога транспарту ў Менскай вобласці.

Першы беларуска-кітайскі беспілотны аўтобус на электрычнай хадзе.
Фота: Павел Арлоўскі, mlyn.by

«Насамрэч вельмі незвычайна, – пракаментаваў кіраўнік вобласці. – Гэтая гісторыя пачалася яшчэ напрыканцы 2019 года, калі мы вызначыліся, дзе будзем рабіць тэставыя зоны 5G. І адна з ідэяў была ў тым, каб паглядзець, як у індустрыяльным парку будзе працаваць беспілотны транспарт. Сёння быў першы досвед, але я думаю, гэта толькі пачатак».

Таксама кіраўнік вобласці правёў працоўную сустрэчу з кіраўніцтвам індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Бакі абмеркавалі рэалізаваныя і перспектыўныя праекты, а таксама актуальнае становішча спраў у інавацыйным кластары.

Алесь Крупскі, mlyn.by/ КТ Belsat.eu

Стужка навінаў